Віншаванне Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сяргея Мікалаевіча Хаменкі з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь

Паважаныя калегі, работнікі і ветэраны органаў юстыцыі!

Віншую Вас з Днём абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь!

Гэта свята з'яўляецца сімвалам доблесці і гонару, адвагі і вернага служэння інтарэсам краіны, яе бяспецы!

Абаронца Айчыны – гэта чалавек, які ў любы момант гатовы стаць на варце сваёй Радзімы, сям'і, блізкіх. Вогненныя смерчы вайны не раз пракаціліся па беларускай зямлі. Сведчаннямі мужнасці і стойкасці нашага народа з'явіліся дзясяткі кровапралітных баёў у гады напалеонаўскага нашэсця на берагах Нёмана і Бярэзіны. Сотні брацкіх магіл часоў Першай сусветнай вайны захоўваюць вечную памяць аб бітвах каля Гродзенскай крэпасці і возера Нарач, бязлітасных бамбардзіроўках і газавых атаках пад Смаргонню. Нясціраным болем у памяці многіх пакаленняў застануцца трагічныя гады Вялікай Айчыннай вайны, назвы канцлагераў, спаленых гарадоў і вёсак, як напамін пра генацыд беларускага народа і знішчэнне яго здабытку. Непрымірымая барацьба партызанскіх атрадаў на акупаванай тэрыторыі рэспублікі дзень за днём набліжала тое імгненне, калі над зрынутым Рэйхстагам быў разгорнуты Сцяг Перамогі, які стаў сімвалам нязломнасці і мужнасці ўсяго савецкага народа.

2023 год аб'яўлены Кіраўніком дзяржавы Годам міру і стварэння, у якім нам трэба зрабіць шмат для павышэння эфектыўнасці ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, прасоўвання мірных ініцыятыў грамадзян і грамадскасці, забеспячэння міру і згоды ў беларускім грамадстве.

Наша агульная задача сёння – захаваць самае каштоўнае, што ёсць у жыцці – гэта мір, спакой і стабільнасць. Кожны з нас, выконваючы сваю работу добрасумленна, адказна і сумленна, уносіць уклад у развіццё нашай дзяржавы.

Аддаючы даніну глыбокай павагі і ўдзячнасці ўсім пакаленням абаронцаў Айчыны, якія абаранілі свабоду сваёй зямлі, мы заўсёды будзем удзячныя тым, хто з гонарам выканаў свой воінскі абавязак, і тым, хто цяпер знаходзіцца на баявым пасту.

У гэты святочны дзень шчыра зычу вам здароўя, мірнага жыцця, дабрабыту, цвёрдасці духу, сямейнага цяпла і прафесійных поспехаў у імя працвітання Рэспублікі Беларусь!

 

Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь                                                                                                                            С.М.Хаменка

уверх