Каманда Міністэрства юстыцыі прыняла ўдзел у "Мінскай лыжні-2022"

Не толькі яркае вясновае сонца, але і гарачыя эмоцыі балельшчыкаў спрабавалі растапіць сёння лёд на лыжнай трасе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту "Раўбічы", дзе праходзіла спартыўна-масавае свята "Мінская лыжня-2022".

Каманду Міністэрства юстыцыі прадстаўляў намеснік Міністра Алег Кот, работнікі цэнтральнага апарата Юлія Усцінава, Яўген Какуша і Андрэй Жукавец. Нашы спартсмены стартавалі ў заключным забегу біятлоннай эстафетнай гонкі (4 х 2 км).

Напал запалу на трыбунах не цішэў да самага фінішу. Бурнымі авацыямі і воклічамі працаўнікі Мінюста падтрымлівалі сваіх лыжнікаў, хорам падлічваючы трапленні на агнявых рубяжах.

Напружаная барацьба і высокая канкурэнцыя не дазволілі нашым спартсменам узысці на п'едэстал гонару, але вынік аказаўся таксама вельмі дастойным – восьмае месца ў сваёй падгрупе сярод дзяржаўных органаў.

Пасля завяршэння гонкі Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, звяртаючыся да каманды, выказаў словы падтрымкі і падзякі за праяўленыя ўпартасць і волю да перамогі ў такім прадстаўнічым спаборніцтве.

уверх