Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка прадставіў калектыву РУП "БелЮрЗабеспячэнне" новага кіраўніка
Сёння з удзелам Міністра юстыцыі Сяргея Хаменкі ў рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве па аказанні паслуг "БелЮрЗабеспячэнне" прайшла рабочая нарада, на якой прадстаўлены новы генеральны дырэктар прадпрыемства Валерый Дашкоўскі.
Міністр юстыцыі, характарызуючы Валерыя Уладзіміравіча, адзначыў багаты жыццёвы вопыт, атрыманы ім на розных кіруючых пасадах ва Узброеных Сілах і органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь, яго высокія дзелавыя якасці.
Гаворачы аб задачах, якія стаяць перад прадпрыемствам, Сяргей Хаменка падкрэсліў важнасць аператыўнай рэалізацыі канфіскаванай судовымі выканаўцамі маёмасці, максімальнага выканання ўласнымі сіламі будаўніча-мантажных работ у інтарэсах органаў прымусовага выканання і галоўных упраўленняў юстыцыі. У якасці прыярытэтнага напрамку работы даччынага прадпрыемства "Астэрус" вызначана забеспячэнне дзейнасці Міністэрства юстыцыі ў сферы інфарматызацыі.
Кіраўнік ведамства таксама спыніўся на пытаннях умацавання кадравага патэнцыялу і фінансавання. «Не першы год мы працуем у складаных эканамічных умовах, пад ціскам бесперапынных санкцый. Але гэта не перашкаджае нам выконваць свае функцыянальныя задачы, захоўваць працоўныя месцы, выплачваць заработную плату. Нават зараз, калі напружана да мяжы знешнепалітычная абстаноўка, я дазволю сабе працытаваць словы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі: неабходна кожнаму на сваім месцы займацца сваёй справай», - рэзюмаваў Сяргей Хаменка.
У рамках візіту Міністр юстыцыі паразмаўляў з калектывам прадпрыемства на працоўных месцах, пацікавіўся ўмовамі працы, матэрыяльна-тэхнічным забеспячэннем і праблемнымі пытаннямі ў арганізацыі дзейнасці.
