Намеснік Міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў прыняў удзел у канферэнцыі, прысвечанай Году гістарычнай памяці

15 ліпеня 2022 г. на базе Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася прысвечаная Году гістарычнай памяці канферэнцыя, асноўнай тэмай якой стала гісторыя натарыята Беларусі.

У пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік Міністра юстыцыі Мікалай Старавойтаў, старшыня Беларускай натарыяльнай палаты Наталля Барысенка, начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Канапелька, першы прарэктар ДУА «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт» Аксана Голубева, загадчык аддзела абслугоўвання карыстальнікаў Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Алена Пантаплева, прадстаўнікі натарыяльнай супольнасці ўсіх натарыяльных акруг, а таксама спецыялісты ў галіне музейнай справы, гісторыкі. Усяго канферэнцыя сабрала каля 80 удзельнікаў.

Гістарычна так склалася, што тэрыторыя Беларусі неаднаразова ўваходзіла ў склад іншых дзяржаў, што, несумненна, уплывала і на развіццё беларускага натарыята ў той ці іншы гістарычны перыяд. Былі часы, калі адзінства нашага народа падточвалася найцяжэйшымі гістарычнымі падзеямі і выпрабаваннямі, такімі як рэвалюцыя 1917 года, Грамадзянская вайна. Распад СССР і з'яўленне на яго аснове шэрагу незалежных дзяржаў запатрабавала перагляду саюзнага заканадаўства, у тым ліку і аб натарыяце. Не стала выключэннем і Рэспубліка Беларусь. Закон Рэспублікі Беларусь "Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці" ад 18 ліпеня 2004 года вызначыў прававыя, арганізацыйныя, сацыяльна-эканамічныя асновы сучаснага натарыята, задачы і прынцыпы натарыяльнай дзейнасці ў дзяржаве, урэгуляваў адносіны ў галіне ажыццяўлення натарыяльнай дзейнасці. Гартаючы старонкі гісторыі, удзельнікі даведаліся шмат цікавага аб развіцці натарыята ў розныя перыяды. Усе прадстаўленыя на канферэнцыі факты і падзеі з'яўляюцца каштоўным здабыткам важнай гістарычнай спадчыны і бясцэннай крыніцай пазнання шматвяковай гісторыі.

«Гістарычнае мінулае прафесіі натарыуса заснавана на законнасці і справядлівасці, на яднанні дзяржаўных інтарэсаў і запатрабаванняў народа, дзе чалавек прыярытэт ва ўсіх дзяржаўных і нацыянальных пачынаннях. І як сведчыць гісторыя, у натарыяльнай дзейнасці слова “адказнасць” разумеецца і ўсведамляецца, а капітал натарыята - вымяраецца працай і талентам кожнага чалавека. Наша пакаленне павінна захаваць нацыянальныя традыцыі, пачуццё прыналежнасці да свайго народа, пачуццё грамадзянскасці, асабістай адказнасці за бяспеку і цэласнасць Айчыны, гонару за яго гісторыю», – адзначыў Мікалай Старавойтаў у сваім прывітальным слове.

У час візіту ў Віцебскі рэгіён намеснік Міністра юстыцыі наведаў калектывы натарыяльных кантор, прыняў удзел у пашыраным пасяджэнні Савета натарыусаў Віцебскай натарыяльнай акругі, на якім аналізаваўся стан спраў у рабоце з насельніцтвам па выніках работы ў першым паўгоддзі 2022 года.

Жывую цікавасць пры абмеркаванні выклікалі планы па далейшым паляпшэнні арганізацыі працы натарыусаў, цыфравізацыі ў сферы натарыята, а таксама тэма натарыяльнага абслугоўвання насельніцтва ў сельскай мясцовасці. Лічбы па рэгіёнах пацвярджаюць вернасць выбранай стратэгіі: колькасць выездаў у аграгарадкі і колькасць прынятых грамадзян у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ўзрасла, што сведчыць аб запатрабаванасці гэтай формы работы натарыусаў.

У рамках праграмы мерапрыемстваў намеснікам Міністра юстыцыі адзначана, што неабходна зрабіць усё, каб да інстытута натарыята ў насельніцтва быў самы высокі давер. Задача дзяржавы застаецца нязменнай - ствараць умовы для дастойнага жыцця грамадзян.



уверх