Праект "Летапіс Беларусі" абмяркоўваўся сёння ў Міністэрстве юстыцыі

У час наведвання Прэм'ер-міністрам Рэспублікі Беларусь Раманам Галоўчанкам 5 жніўня 2022 года ўстановы "Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў", на якім абмяркоўваліся пытанні развіцця архіўнай сферы, было дадзена даручэнне па стварэнню медыйнага праекта "Летапіс Беларусі" з выкарыстаннем наяўных у архівах кіно-, фота -, фона- і відэадакументаў, а таксама дакументаў на папяровых носьбітах.

У мэтах выканання названага даручэння сёння ў Міністэрстве юстыцыі адбылася рабочая нарада з запрашэннем Старшыні Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Івана Эйсманта, намесніка Міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага, прадстаўнікоў Міністэрства адукацыі, Міністэрства культуры і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Вітаючы прысутных, Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка адзначыў, што каардынатарам выканання даручэння Прэм'ер-міністра вызначана Міністэрства юстыцыі, якое, з'яўляючыся рэспубліканскім органам дзяржаўнага кіравання, ажыццяўляе дзяржаўнае рэгуляванне ў сферы архіўнай справы і справаводства. «Роля прадстаўленых на сённяшняй нарадзе дзяржаўных органаў і арганізацый бясспрэчная. Кансалідацыя намаганняў усіх зацікаўленых структур дасць магчымасць не толькі якасна і аператыўна выканаць даручэнне Кіраўніка Урада, але і забяспечыць стварэнне маштабнага медыйнага праекта, які будзе цікавы шырокім слаям насельніцтва», - канстатаваў Сяргей Хаменка.

Дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Віктар Кураш адзначыў, што на сённяшні дзень у фондах дзяржаўных архіўных устаноў на захоўванні знаходзіцца больш за трынаццаць мільёнаў спраў на папяровай аснове ў складзе сарака сямі з паловай тысяч фондаў, амаль трыста шэсцьдзесят шэсць тысяч кіна-, фота-, фона - і відэадакументаў. Рэалізацыю праекта "Летапіс Беларусі" Віктар Кураш прапанаваў ажыццявіць у трох напрамках:

стварэнне інфармацыйна-асветніцкага агульнадаступнага Інтэрнэт-рэсурсу – фундаментальнага праекта з гнуткай структурай, якая дазваляе размяшчаць аб'ёмныя разнапланавыя матэрыялы;

друк дакументальнага выдання дапаможнага характару для адукацыйнай праграмы па гісторыі Беларусі;

запуск тэматычнага YouTube-канала на аснове дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду.

У развіццё тэмы Інтэрнэт-рэсурсу Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант прапанаваў стварыць беларускі аналаг Вікіпедыі, які будзе ўтрымліваць інфармацыю пра ўсе гістарычныя факты, падзеі за перыяд станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці. Яе змогуць напаўняць самі грамадзяне Беларусі, а мадэрацыю будзе ажыццяўляць спецыяльная група вучоных-гісторыкаў. Таксама парэкамендаваў актыўна задзейнічаць рэсурсы і шырокую медыятэку студыі "Летапіс" РУП "Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм".

Прадстаўнік кожнага ведамства, які ўдзельнічаў у нарадзе, выказаў прапановы ў межах сваёй кампетэнцыі аб шляхах рэалізацыі даручэння Прэм'ер-міністра і магчымасці выкарыстання тых ці іншых рэсурсаў для дасягнення пастаўленай мэты.

На заканчэнне сустрэчы Сяргей Хаменка адзначыў, што ўсе абазначаныя напрамкі рэалізацыі праекта ў першую чаргу патрабуюць аблічбоўкі архіўных матэрыялаў - папяровых дакументаў, фатаграфій, кінаматэрыялаў. І сёння гэтую працу неабходна актывізаваць. "Адно з патрабаванняў, агучаных Прэм'ер-міністрам пры наведванні архіўнай установы ў г. Дзяржынску, - зрабіць архівы даступнымі для насельніцтва", - падкрэсліў Міністр юстыцыі.

уверх