Сяргей Хаменка: законнасць, даступнасць, незалежнасць - асноўныя прынцыпы адвакацкай дзейнасці

Справаздачна-выбарная канферэнцыя членаў Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў прайшла 20 студзеня 2022 года. Удзел у ёй прынялі Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка, старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў Віктар Чайчыц і яго намеснік Таццяна Матусевіч.

Прысутныя адзначылі, што ў цэлым Гродзенская абласная калегія паспяхова спраўляецца са сваімі асноўнымі задачамі па аказанні юрыдычнай дапамогі і прававым выхаванні. Па гэтых напрамках шмат зроблена за справаздачны перыяд. Адвакаты ў поўнай меры задаволены працай абраных імі два гады таму органаў самакіравання, высокім узроўнем прафесіяналізму чальцоў Рады абласной калегіі. Сведчаннем таму стала аднадушнае рашэнне прысутных аб пераабранні Рады ў поўным складзе на новы тэрмін.

Віктар Чайчыц, выступаючы перад прысутнымі, адзначыў важны складнік у паўсядзённай працы адвакатаў - іх удзел як грамадзян сваёй краіны ў значных дзяржаўных праграмах. У сувязі з гэтым у адрас адвакатаў Гродзенскай вобласці прагучалі словы падзякі за актыўнае растлумачэнне насельніцтву важнасці рэферэндуму, абмеркаванне праекта дапаўненняў і змяненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Асабліва адзначана праведзеная работа па аднаўленні і ўшанаванні гістарычнай памяці аб адвакатах, якія ўдзельнічалі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Міністр юстыцыі ў сваім выступе падзякаваў абласной калегіі адвакатаў за добрую працу. Яшчэ да канферэнцыі Сяргей Хаменка ўважліва вывучыў стан справаў у адвакатуры Гарадзеншчыны. З задавальненнем зазначыў, што за апошнія два гады абгрунтаваных скаргаў на адвакатаў гэтага рэгіёну не паступала, і ніхто не быў пазбаўлены ліцэнзіі па патрабаванні кантралюючых органаў. Аднак Міністр юстыцыі звярнуў увагу на тое, што ў рэгіёне не да канца вырашаны кадравыя пытанні. Былі дадзены рэкамендацыі па стварэнню рэзерву з ліку студэнтаў профільных ВНУ і правядзенню прафарыентацыйнай работы. У сваім выступленні Сяргей Хаменка падкрэсліў неабходнасць стварэння ветэранскага актыву і яго ролю ў настаўніцтве над маладымі адвакатамі. Міністр юстыцыі падзякаваў прысутным за праведзеную работу, пажадаўшы адвакацкай супольнасці Гродзенскай вобласці і ў далейшым прытрымлівацца асноўных прынцыпаў адвакацкай дзейнасці - законнасці, даступнасці і незалежнасці.

Па матэрыялах Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў.

Фота БРКА

уверх