Падпісаны Закон Рэспублікі Беларусь аб увядзенні ў дзеянне КаАП і ПВКаАП

6 студзеня 2021 года прыняты Закон Рэспублікі Беларусь № 93-З «Аб увядзеннi ў дзеянне кодэксаў», падрыхтаваны Міністэрствам юстыцыі.

Законам прадугледжваецца ўвядзенне ў дзеянне КаАП і ПВКаАП
з 1 сакавіка 2021 г.

Пры гэтым дзеючыя КаАП і ПВКаАП, Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 снежня 2006 г. аб увядзенні іх у дзеянне, а таксама ўсе законы, якімі ў іх былі ўнесены змены, прызнаюцца страціўшымі сілу.

Закон утрымлівае шэраг пераходных палажэнняў.

У прыватнасці, да прывядзення заканадаўства ў адпаведнасць з КаАП і ПВКаАП акты заканадаўства прымяняюцца ў той частцы, у якой яны ім не супярэчаць.

З 1 сакавіка 2021 г. спыняюцца справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, якія згодна з КаАП, iншымі заканадаўчымі актамі, якiя прадугледжваюць адміністрацыйную адказнасць, не з’яўляюцца адміністрацыйнымі правапарушэннямі, а таксама справы аб адміністрацыйных правапарушэннях, па якіх скончыўся тэрмін накладання адміністрацыйнага спагнання.

Акрамя таго, падлягаюць перагляду вынесеныя да 1 сакавіка 2021 г. i нявыкананыя (цалкам або часткова) пастановы аб накладанні адміністрацыйных спагнанняў у выпадках, калі нормы КаАП паляпшаюць становішча асоб, якія ўчынілі адміністрацыйныя правапарушэнні, у параўнанні з нормамі дзеючага КаАП.

Новымі кодэксамі зменена працэсуальная кампетэнцыя дзяржаўных органаў (дзяржаўных арганізацый), службовых асоб, упаўнаважаных складаць пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, ажыццяўляць падрыхтоўку спраў да разгляду, а таксама разглядаць названыя справы.

У гэтай сувязі Законам прадугледжваецца, што павінны быць перададзены па кампетэнцыі не разгледжаныя да 1 сакавіка 2021 г. справы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Такім чынам, прыняцце Закона накіравана на забеспячэнне бесперапыннасці вядзення адміністрацыйнага працэсу, у тым ліку
з 1 сакавіка 2021 г., калі ўступяць у сілу новыя КаАП і ПВКаАП.

уверх