У Міністэрстве юстыцыі падведзены вынікі работы па ўнясенні прапаноў у праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі

Апагеем карпатлівай работы Міністэрства юстыцыі па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь стала пасяджэнне рабочай групы з удзелам Міністра юстыцыі Сяргея Мікалаевіча Хаменкі. Сёння была зацверджана канчатковая рэдакцыя прапаноў, якія накіроўваюцца ў Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі для абагульнення і сістэматызацыі.

У нашых публікацыях ужо згадвалася аб тым, што больш за 40 прапаноў дэталёва адпрацоўваліся ў сценах Мінюста. Справядлівасць выказвання "колькі юрыстаў, столькі і меркаванняў" была праверана на практыцы. Але вынікам працяглых спрэчак і разваг стала адзінае разуменне таго, што Асноўны Закон дзяржавы з'яўляецца падмуркам пабудовы нашага грамадства на шмат гадоў наперад. І любая слабая цаглінка ў яго аснове, няхай гэта будзе недасканалая норма ці не дакладна вызначанае паняцце, можа стаць падставай да ўзнікнення калізій у заканадаўстве і пацягнуць сур'ёзныя парушэнні правоў грамадзян.

Як адзначыў Сяргей Хаменка, Міністэрства юстыцыі не менш за іншыя дзяржаўныя органы зацікаўлена ў дэталёвай прапрацоўцы змяненняў і дапаўненняў Асноўнага Закона краіны. На спецыялістаў менавіта нашага ведамства ляжа асноўная нагрузка па прывядзенні ўсёй заканадаўчай базы ў адпаведнасць новай рэдакцыі Канстытуцыі. І дапушчаныя пралікі на першапачатковым этапе могуць ускладніць увесь ход маючай адбыцца Канстытуцыйнай рэформы.

уверх