Жаночы актыў Мінюста правёў урок гістарычнай памяці ў ліцэі МУС
Напоўнены знакавымі падзеямі рэспубліканскага маштабу сёлета дзень 15 сакавіка застанецца надоўга і ў памяці выхаванцаў Спецыялізаванага ліцэя Міністэрства ўнутраных спраў.
У рамках мерапрыемстваў па патрыятычным выхаванні, якія праводзяцца ГА "Беларускі саюз жанчын", актыў пярвічнай арганізацыі Міністэрства юстыцыі сустрэўся з падрастаючым пакаленнем вартавых правапарадку. У мерапрыемстве прыняла ўдзел першы намеснік Міністра юстыцыі, член Прэзідыума ГА "БСЖ" Наталля Філіпава.
Павіншаваўшы ліцэістаў з Днём Канстытуцыі, які сёлета супаў з уступленнем у сілу абноўленага Асноўнага Закона краіны, Наталля Мікалаеўна расказала аб змяненнях і дапаўненнях, унесеных у Канстытуцыю на падставе Рашэння рэспубліканскага рэферэндуму. Асаблівая ўвага была нададзена тэме захавання гістарычнай памяці, недапушчэнні скажэння гісторыі нашай краіны. Прадстаўнікамі Мінюста ў бібліятэку ліцэя быў перададзены экзэмпляр абноўленай Канстытуцыі, а таксама гістарычныя выданні аб Вялікай Айчыннай вайне.
Гэтай жа тэме была прысвечана перасоўная экспазіцыя "Выстаялі і перамаглі", арганізаваная Дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі. Загадчыца аддзела Нацыянальнага архіва Беларусі Маргарыта Старасценка азнаёміла ліцэістаў з прадстаўленымі ў экспазіцыі архіўнымі дакументамі, фатаграфіямі, якія адлюстроўваюць факты мужнасці і гераізму нашых суайчыннікаў у гады вайны, а таксама злачынствы фашыстаў на акупаванай тэрыторыі.
Намеснік начальніка ліцэя Руслан Васкрасенскі падзякаваў гасцям за праведзены ўрок гістарычнай памяці, які пакінуў незгладжальныя ўражанні ва ўдзельнікаў мерапрыемства. У сваю чаргу азнаёміў жаночы актыў Міністэрства юстыцыі з умовамі паўсядзённага жыцця, вучобы, заняткаў спортам выхаванцаў, правёў невялікую экскурсію па музеі ліцэя МУС. У кнізе ганаровых гасцей Наталля Філіпава пакінула памятны запіс.
