Міністр юстыцыі прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Падрыхтоўчага офіса Міжнароднай арганізацыі па медыяцыі
16 лютага 2023 г. Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Хаменка ў фармаце відэазвароту прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Падрыхтоўчага офіса Міжнароднай арганізацыі па медыяцыі. Кіраўнік прававога ведамства адзначыў, што беларускі бок выказвае гатоўнасць разам фарміраваць будучае міжнароднай медыяцыі і высока цэніць той узровень даверу, які ўсе прысутныя аказалі адзін аднаму, прыняўшы агульнае рашэнне ўдзельнічаць у распрацоўцы статутных дакументаў ствараемай арганізацыі. Завяршаючы свой выступ, Сяргей Хаменка павіншаваў калег з адкрыццём Падрыхтоўчага офіса – залажэннем першага камня ў падмурак арганізацыі.
Ініцыятыва, якая абмяркоўваецца сёння, належыць кітайскаму боку. Міністр замежных спраў Кітайскай Народнай Рэспублікі Цынь Ган у сваім відэазвароце падзякаваў замежным калегам за падтрымку і выказаў надзею на поспех арганізацыі.
Падрыхтоўчы офіс размешчаны ў Ганконгу. Камісар Міністэрства замежных спраў Ганконга і Сакратар юстыцыі Ганконга адзначылі, што праца па заснаванню арганізацыі будзе садзейнічаць умацаванню вяршэнства права.
У цырымоніі таксама прынялі ўдзел міністры замежных спраў і юстыцыі Алжыра, Джыбуці, Інданезіі, Камбоджы, Лаоса, Пакістана, Сербіі і Судана. Работа па распрацоўцы і заключэнні міжнародных дакументаў, якія засноўваюць Міжнародную арганізацыю па медыяцыі, запланавана на 2023-2024 гг.
