Хаменка: Беларусь няўхільна выконвае прынцыпы гуманітарнага права

Беларусь няўхільна выконвае прынцыпы гуманітарнага права, заявіў Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка на выязным пасяджэнні Камісіі па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права пры Савеце Міністраў Беларусі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча праходзіла ў новым для камісіі фармаце выязнога паседжання. Паводле слоў Міністра, гэты фармат і выбар Ваеннай акадэміі ў якасці месца пасяджэння невыпадковы.

"Разуменне важнасці прынцыпаў гуманітарнага права, якія наша краіна няўхільна выконвае, закладваецца ў курсантаў Ваеннай акадэміі з першага дня іх навучання. Сучаснае пакаленне ваеннаслужачых Беларусі, выхаванае на гісторыі подзвігаў нашага народа, дакладна ведае, што такое гуманнасць, мір і незалежнасць", - адзначыў Сяргей Хаменка.

Міністр заўважыў, што менавіта гэтыя пастулаты цяпер падвяргаюцца выпрабаванню на трываласць. "Мы з'яўляемся сведкамі таго, як прынцыпы гуманітарнага права адыходзяць на другі план, правакуецца хаос, распальваюцца застарэлыя і новыя канфлікты, выкарыстоўваюцца забароненыя і, здавалася б, даўно забытыя метады націску на суверэнныя і незалежныя дзяржавы", - сказаў ён.

У гэтых умовах, упэўнены Міністр, усе намаганні павінны быць накіраваны на адстойванне ідэалаў міру і бяспекі, фарміраванне светапогляду падрастаючага пакалення з разуменнем месца Беларусі ў сістэме міждзяржаўных адносін і глабальнай бяспекі, навучанне моладзі ўменню аналізаваць падзеі ў свеце, не забываючыся на мінулае. Камісія мае для гэтага магчымасці і сілы.

У ходзе пасяджэння падведзены вынікі работы органаў дзяржаўнага кіравання, устаноў адукацыі, арганізацый і грамадскіх аб'яднанняў па выкананні ў 2022 годзе абавязацельстваў Беларусі ў сферы міжнароднага гуманітарнага права.

Пасяджэнне завяршылася ўрачыстым узнагароджаннем пераможцаў конкурсу навуковых работ "Рэалізацыя норм міжнароднага гуманітарнага права ў праваахоўнай дзейнасці".

Удзельнікі мерапрыемства таксама змаглі азнаёміцца з экспазіцыямі музея Ваеннай акадэміі і асаблівасцямі праходжання тэрміновай службы вайскоўцамі роты высокіх тэхналогій.

Цяпер органы па садзейнічанню імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права (МГП) створаны больш як у 90 дзяржавах свету. У Беларусі камісія была створана ў 1997 годзе для разгляду пытанняў, звязаных з рэалізацыяй міжнародна-прававых абавязацельстваў рэспублікі, якія вынікаюць з асноўных міжнародных дагавораў у галіне МГП: жэнеўскіх канвенцый аб абароне ахвяр вайны 1949 года, дадатковых пратаколаў да іх 1977 года і іншых дакументаў.

Камісія па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права пры Савеце Міністраў Беларусі з'яўляецца пастаянна дзейным кансультатыўным міжведамасным рабочым органам Саўміна, які каардынуе дзейнасць міністэрстваў і іншых рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый у галіне імплементацыі норм міжнароднага гуманітарнага права ў заканадаўства Беларусі.

 

Па матэрыялах БЕЛТА.

уверх