«Былі сцёртыя нацыстамі з зямлі…»: «Могілкі вёсак» у мемарыяльным комплексе «Хатынь» – сімвал трагедыі і месца памяці беларускага народа

Масавае знішчэнне нацыстамі сельскіх населеных пунктаў Беларусі разам з іх жыхарамі стала адной з найбольш жахлівых і цынічных форм рэалізацыі злачыннай палітыкі генацыду на часова акупаванай тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны.

На інтэрнет-сайце Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь размешчана агульнадаступная база дадзеных “Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны” (рэжым доступу: http://db.narb.by/). Па стане на сённяшні дзень у ёй змяшчаецца дакументальна пацверджаная інфармацыя аб 9097 вёсках, знішчаных нацыстамі поўнасцю і часткова, з насельніцтвам і без. Не ўсе ведаюць, але ў гады акупацыі многія беларускія вёскі спальваліся захопнікамі па некалькі разоў - два, тры, пяць. Вёска Хадокі Лагойскага раёна спальвалася 7 разоў, а Людвінава гэтага ж раёна - 8.

Выяўленне і ўдакладненне звестак аб спаленых вёсках працягваецца. У прыватнасці, у рамках падрыхтоўкі зборнікаў дакументаў з фундаментальнай серыі “Без тэрміну даўнасці” айчыннымі архівістамі была праведзена вялікая праца па верыфікацыі сельскіх населеных пунктаў, знішчаных акупантамі. Па стане на сённяшні дзень дакументальна пацверджана, што на тэрыторыі Брэсцкай вобласці ў 1941-1944 гадах нацыстамі было знішчана не менш як 838 сельскіх населеных пунктаў, у Віцебскай - не менш як 3541, у Гомельскай - не менш як 1454, у Гродзенскай - не менш як 308, Мінскай - не менш за 1521, у Магілёўскай - не менш за 1655. Такім чынам, на сённяшні дзень па архіўных матэрыялах пацверджана знішчэнне захопнікамі 9317 беларускіх вёсак.

Арганізавана комплексная праца па актуалізацыі звестак у агульнадаступнай базе дадзеных на падставе матэрыялаў, апублікаваных у зборніках серыі “Без тэрміну даўнасці”.

Сусветна вядомым сімвалам трагедыі, перажытай беларускім народам у гады нацысцкай акупацыі, стаў мемарыяльны комплекс “Хатынь”. У журботным спісе “вогненных вёсак” Беларусі ёсць асаблівая група населеных пунктаў - тыя, якія пасля заканчэння вайны так і не былі адноўлены. Іх агульным сімвалічным помнікам сталі «Могілкі вёсак» - адзін з ключавых элементаў мемарыяльнага комплексу. На гэтым некропалі ўшанавана памяць аб 185 населеных пунктах, 186-я неадроджаная вёска - сама Хатынь. Яшчэ 433 беларускім вёскам, спаленым нацыстамі разам з жыхарамі, але адноўленым у пасляваенны перыяд, прысвечаны іншы элемент мемарыяла – “Сімвалічныя дрэвы жыцця”.

Цырымонія закладкі зямлі са спаленых вёсак у скрыні на могілках мемарыяльнага комплексу адбылася 30 чэрвеня 1969 г. У мерапрыемстве прынялі ўдзел дзяржаўныя і партыйныя кіраўнікі Беларусі на чале з першым сакратаром ЦК КПБ П.М.Машэравым, прадстаўнікі прамысловых прадпрыемстваў, калгасаў, саўгас, арганізацый рэспублікі, моладзь.

Большасць вёсак, ушанаваных на Хатынскіх могілках, была знішчана нацыстамі падчас карных акцый і аперацый. У гады вайны на акупіраванай тэрыторыі БССР захопнікі правялі больш за 140 толькі буйных карных аперацый.

1 красавіка 1942 г. гітлераўцы блакіравалі Кастрычніцкі раён Палескай вобласці (цяпер – Гомельская вобласць) і пачалі яго “прачэсванне”. Не знайшоўшы партызан, нацысты пачалі паліць вёскі і нішчыць мірнае насельніцтва. Па дадзеных партызанскіх дакументаў, карнікі забілі больш за 6500 чалавек, спалілі дашчэнту 13 вёсак. Пяць з іх - Вежын, Рудня, Перакалле, Селішча, Смуга - так і не былі адноўлены пасля вайны.

З 11 па 16 лістапада 1942 г. карная аперацыя пад кодавай назвай «Клетка малпы» праходзіла ў Гарадоцкім і Невельскім раёнах. Нацыстамі былі знішчаны больш за 50 вёсак, забіты тысячы мірных жыхароў. Сем неадноўленых пасля вайны вёсак – Ахрамеева, Гумнічына, Петрачыха, Рудзіха, Сямёнава, Вусце, Янава Гарадскога раёна – увекавечаны на Хатынскіх мемарыяльных могілках.

Тры неадроджаныя вёскі Івацэвіцкага раёна - Вяда, Красніца, Тупічыцы - былі спалены карнікамі ў верасні 1942 года ў перыяд аперацыі «Балотная ліхаманка».

З 20 снежня 1942 г. па красавік 1943 г. жорсткія баі «народных мсціўцаў» з нацыстамі разгарнуліся на тэрыторыі Сіроцінскага (цяпер Шумілінскі) раёна. Па дадзеных партызан, карнікі знішчылі ў гэты час 57 вёсак, забілі і спалілі 4818 чалавек. Вёскі Бачканы, Дражэкі, Залессе, Заазер’е, Зуева, Шчамілаўка і Ямішча пасля вайны не былі адноўлены.

Буйную карную аперацыю «Заяц-бяляк» нацысты правялі ў Расонскім раёне з 28 студзеня па 15 лютага 1943 г. Не дамогшыся поспеху ў супрацьстаянні з партызанскімі фармаваннямі, гітлераўцы выявілі варварскую жорсткасць у стаўленні мірнага насельніцтва. У выніку - дзясяткі спаленых вёсак і тысячы забітых жыхароў. Пасля вайны не адрадзіліся вёскі Велье, Волкава, Гарэлая Яма, Гуйды, Плігаўкі, Ражнова.

У ліку ўшанаваных на Хатынскіх мемарыяльных могілках - 108 вёсак Віцебскай вобласці, з якіх 42 - Верхнядзвінскага раёна. Амаль усе яны былі знішчаны нацыстамі ў лютым-сакавіку 1943 года падчас карнай аперацыі “Зімовае чараўніцтва”. Практычна сцёрты з зямлі быў Асвейскі раён, значна пацярпеў Дрысенскі (цяпер тэрыторыя гэтых раёнаў уваходзіць у склад Верхнядзвінскага раёна). Карнікі спалілі 376 вёсак, забілі звыш 10 тысяч мірных жыхароў, вывезлі на прымусовыя працы больш за 6 тысяч чалавек.

Крывавыя раны на беларускай зямлі пакінула нацысцкая карная аперацыя «Котбус», якая праходзіла з 20 мая па 21 чэрвеня 1943 г. на тэрыторыі Барысаўскага, Докшыцкага, Лепельскага, Лагойскага і Плешчаніцкага раёнаў. Падчас яе правядзення карнікі расстралялі, замучылі і спалілі 9786 чалавек, больш за 6000 чалавек сагналі на катаргу ў Германію, знішчылі дзясяткі вёсак. Пра трагічны лёс неадроджаных вёсак Асавіна, Слабада, Трысцень, Тхарніца і Шунеўка нагадвае Хатынскія мемарыяльныя могілкі.

У чэрвені 1943 года падчас карнай аперацыі ў Хойніцкім раёне акупанты спалілі 26 вёсак. Дзве з іх - Зялёны Гай і Перавесе - пасля вайны не аднавіліся.

Ушанаваны на Хатынскім некропалі шэсць вёсак Слуцкага раёна - Беразінец, Гандарава, Задоўба, Лазараў Бор, Лявішча, Пераходы, спаленых падчас карных аперацый “Свята ўраджаю-1” і “Свята ўраджаю-2” у студзені-лютым 1943 г.

Уцёкі акупантаў з тэрыторыі Беларусі суправаджаліся татальным спусташэннем беларускіх земляў. Пры адыходзе нацыстамі ствараліся спецыяльныя каманды факельшчыкаў, у задачу якіх уваходзіла мэтанакіраванае знішчэнне населеных пунктаў і іх жыхароў. Сотні вёсак былі разрабаваны, разбураны і спалены. Сярод іх - населеныя пункты Жлобінскага раёна, шэсць з якіх увекавечаны на Хатынскіх могілках.

У знішчэнні беларускіх вёсак удзельнічалі вайскоўцы СС, СД, вермахта, паліцэйскіх, жандарскіх, нацыяналістычных калабарацыянісцкіх фармаванняў. Асаблівую жорсткасцю праявіў батальён СС Дзірлевангера. На тэрыторыі рэспублікі ён дзейнічаў з лета 1942 года і прымаў удзел у многіх карных аперацыях (у тым ліку “Рыга”, “Майскі жук”, “Нардзее”, “Карлсбад”, “Фрыда”, “Хорнунг”, “Чароўная флейта”, “Котбус”, “Гюнтэр”, “Герман” і інш.). На крывавым рахунку батальёна каля 200 спаленых населеных пунктаў, у іх ліку пяць пасёлкаў вёскі Боркі Кіраўскага раёна (Доўгае Поле, Закрынічча, Чырвоны Араты, Пралетарскі, Хватоўка), вёскі Вязынь і Сялец Клічаўскага раёна, вёска Дубрава і сядзіба Копацэвіч, якія так і не адрадзіліся. Менавіта «дзірлевангераўцы» сумесна са 118-й украінскім паліцэйскім батальёнам бралі ўдзел у знішчэнні вёскі Хатынь 22 сакавіка 1943 г.

Гісторыі стварэння “Могілак вёсак” у мемарыяльным комплексе “Хатынь” прысвечаны зборнік дакументаў і матэрыялаў “Хатынскі некропаль”, выдадзены ў 2014 годзе пад грыфам Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

У 2022 годзе праводзіцца капітальны рамонт і рэканструкцыя мемарыяльнага комплекса. Па хадайніцтву Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Указам Прэзідэнта ад 13 мая 2022 г. № 176 гэтым работам прысвоены статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі. Гэта ініцыятыва з’яўляецца паказальным прыкладам практычнага ўвасаблення дзяржаўнай гістарычнай палітыкі, накіраванай на фарміраванне культуры памяці і ўстойлівай пераемнасці пакаленняў у беларускім грамадстве.

уверх