Рэспубліканскі суботнік у Міністэрстве юстыцыі
У гэтым годзе 16 красавіка праходзіць традыцыйны рэспубліканскі суботнік, у якім прымаюць удзел прадпрыемствы, арганізацыі, грамадскія аб'яднанні па ўсёй краіне. Нягледзячы на пахмурнае надвор'е, калектыў Міністэрства юстыцыі на чале з Сяргеем Хаменкам пачаў суботнюю раніцу з добраўпарадкавання прылеглай да адміністрацыйнага будынка тэрыторыі. У дружнай кампаніі з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя было высаджана некалькі дзясяткаў саджанцаў каліны, туі, вярбы і іншых відаў дрэў. Далікатныя вясновыя першацветы ўпрыгожылі клумбы ля галоўнага ўваходу ў адміністрацыйны будынак.
На тэрыторыі, замацаванай Мінгарвыканкамам за Мінюстам у раёне вуліцы Бялецкага, работнікі міністэрства навялі парадак на газонах, прыбралі леташнюю лістоту і сухое вецце.
Напярэдадні суботніка наведаліся ў парк імя М.Паўлава, дзе ў 2019 годзе адбылася ўрачыстая цырымонія закладкі алеі, прымеркаванай да 100-годдзя ўтварэння органаў юстыцыі Беларусі. Тут былі падфарбаваны лаўкі з памятнымі шыльдамі Міністэрства юстыцыі.
Завяршыўся суботнік навядзеннем парадку на працоўных месцах і ў дапаможных памяшканнях.
"Больш за 2 тысячы работнікаў органаў і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства юстыцыі, прынялі сёння ўдзел у мерапрыемстве рэспубліканскага маштабу", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення фінансава-эканамічнай работы і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння Уладзімір Сямёнаў.
Начальнік упраўлення кадравай палітыкі Дзмітрый Дрозд звярнуў увагу, што ўдзел у суботніках - гэта не толькі грамадска-карысная праца, але і старая добрая традыцыя, якая з'яўляецца добрым сродкам згуртавання калектыву.
«У адпаведнасці з рашэннем, прынятым Кіраўніком дзяржавы, усе грашовыя сродкі, сабраныя ў фонд рэспубліканскага суботніка, пойдуць на добраўпарадкаванне мемарыяльнага комплексу "Хатынь" і будаўніцтва музея на яго тэрыторыі. Гэта з'яўляецца вельмі знакавым момантам, асабліва ў Год гістарычнай памяці, і дазволіць кожнаму з нас унесці свой уклад у высакародную справу захавання гісторыі сваёй краіны», - падкрэсліў Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка.
