Сёння важна захаваць памяць для будучых пакаленняў

Аб гэтым гаварылі ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь 15 лютага 2022 года на мерапрыемстве, прымеркаваным да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. У гэты дзень па ўсёй краіне праходзяць урачыста-жалобныя і патрыятычныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Міністэрства юстыцыі, органы і арганізацыі, якія ўваходзяць у яго сістэму, не застаюцца ў баку ад гэтай падзеі. З больш як 30 тысяч ураджэнцаў Беларусі, якія праходзілі службу ў Афганістане, нямала тых, хто звязаў свой далейшы лёс і прафесію з органамі юстыцыі, натарыятам і адвакатурай нашай краіны. Ад імя Міністра ў іх адрас накіраваны лісты са словамі падзякі за подзвіг і мужнасць, праяўленыя пры выкананні загада Радзімы. Ва ўсіх рэгіёнах праходзяць ушанаванні дзеючых і былых работнікаў, якія выконвалі міжнародны абавязак.

Сёння ў цэнтральным апараце Міністэрства юстыцыі прайшло памятнае мерапрыемства з запрашэннем дырэктара ўстановы "Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы" Андрэя Яўгенавіча Рыбакова, які браў удзел у падзеях тых гадоў.

У пачатку сустрэчы прысутным быў прадэманстраваны фільм, заснаваны на ўспамінах удзельнікаў Афганскай вайны, якія праходзілі ў той перыяд службу ва Узброеных Сілах і ў шэрагах органаў унутраных спраў. Дрыготкі голас і слёзы ў вачах ветэранаў не пакінулі абыякавымі ніводнага гледача ў зале.

Пасля прагляду фільма Андрэй Яўгенавіч падзяліўся сваімі ўспамінамі, пачуццямі і атмасферай, якая панавала сярод вайскоўцаў 40-й арміі: «Калі прыбылі ў Аўганістан, спачатку было не страшна. Страшна стала пасля першых разрываў мін і снарадаў, аўтаматных чэргаў. Але страшна не за сябе, а за сваіх бацькоў - як яны будуць жыць далей, калі цябе заб'юць».

Як кіраўнік адной з вядучых архіўных устаноў нашай краіны Андрэй Рыбакоў пракаментаваў кадры прагледжанага відэафільма, адзначыўшы, што падзеі той вайны недастаткова прадстаўлены ў дзяржаўных архівах Беларусі. Значная частка кіна і фотаматэрыялаў знаходзіцца на руках у ветэранаў і рэдка пападае ў музеі, на спецыялізаваныя выставы для ўсеагульнага агляду. Менавіта гэтыя першакрыніцы інфармацыі дапамагаюць захаваць гістарычную праўду і перадаць яе будучым пакаленням.

Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка расказаў прысутным маладым работнікам аб тым, што ў гэты дзень мы ўспамінаем не толькі ўдзельнікаў баявых дзеянняў на тэрыторыі Афганістана. Дзесяткі гарачых кропак на карце свету сталі ўрокам гістарычнай памяці для народаў былога Савецкага Саюза, адбіліся болем у сэрцах і слязамі смутку ў сем'ях многіх нашых суайчыннікаў. «Але для шэрагу замежных дзяржаў гэтыя ўрокі, відаць, прайшлі дарма. Аб гэтым яскрава сведчыць сённяшняе нагнятанне ваенна-палітычнага становішча вакол межаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі, "прызначэнне даты ўварвання" на тэрыторыю нашай паўднёвай суседкі" - адзначыў Міністр юстыцыі.

Пасля заканчэння мерапрыемства Сяргей Хаменка ўручыў памятны адрас і наручны гадзіннік з сімволікай Міністэрства юстыцыі Андрэю Рыбакову з пажаданнямі далейшых поспехаў у плённай дзейнасці архіўных устаноў, накіраванай на захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым нашага народа для будучых пакаленняў.



уверх