Ігар Марзалюк: Грамадзянская вайна, у бездань якой хацелі нас сутыкнуць, гэта вайна на знішчэнне нацыі, у ёй палонных не бяруць
У рамках заняткаў па ідэалагічнай падрыхтоўцы, прымеркаванага да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, перад калектывам цэнтральнага апарата Міністэрства юстыцыі выступіў вядомы беларускі вучоны, палітычны і грамадскі дзеяч Ігар Марзалюк.
Гаворачы аб сённяшняй неспакойнай сітуацыі ў свеце, Ігар Аляксандравіч правёў невялікі экскурс у гісторыю ўзнікнення расавых супярэчнасцей, ідэалогію нацызму і іншых дэструктыўных плыняў.
Суправаджаючы сваё выступленне архіўнымі фатаграфіямі, вучоны расказаў падрабязнасці асобных фактаў генацыду яўрэйскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі.
Нікога з удзельнікаў сустрэчы не маглі пакінуць абыякавымі жахлівыя зверствы карных атрадаў з ліку беларускіх, украінскіх, латышскіх нацыяналістаў, паслядоўнікі якіх спрабавалі зламаць канстытуцыйны лад Беларусі ў 2020 годзе і працягваюць сёння чыніць бясчынствы на тэрыторыі нашай паўднёвай суседкі пад патранажам заходніх куратараў.
«Грамадзянская вайна, у бездань якой хацелі нас сутыкнуць, гэта вайна на знішчэнне нацыі, у ёй палонных не бяруць. Мы павінны зразумець, што не існуе такой праблемы ўнутры краіны, якую нельга вырашыць без мардабою, ужывання зброі і кровапраліцця», - падкрэсліў Ігар Марзалюк.
