Міністэрства юстыцыі прыняло ўдзел у турыстычным злёце каманд органаў дзяржаўнага кіравання
З 12 па 14 жніўня на беразе ракі Нёман у Стаўбцоўскім раёне прайшоў турыстычны злёт з удзелам двух дзясяткаў каманд апаратаў органаў дзяржаўнага кіравання. Арганізатарам злёту выступіла Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.
Спартыўная праграма мерапрыемства ўключала 4 заліковыя віды: спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, па тэхніцы пешаходнага турызму, воднага турызму і веласіпеднага турызму. У конкурсную праграму злёту ўвайшлі конкурсы "Прадстаўленне каманд", эстраднай песні, "Турысцкія навыкі і побыт". На гэты раз тэматыкай злёту стаў Год гістарычнай памяці, адлюстраванне якога ў конкурснай праграме было адной з асноўных умоў.
«Унукі пераможцаў» - такую назву выбралі ўдзельнікі нашай каманды для прадстаўлення ў творчых конкурсах.
Забягаючы наперад скажам, што менавіта ў іх выявіліся лепшыя якасці супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі. Згуртаванасць, творчы падыход, пачуццё рытму, а таксама вакальныя даныя нашых выканаўцаў: першага намесніка Міністра юстыцыі Наталлі Філіпавай, работнікаў цэнтральнага апарата Таццяны Кацянёвай і Анастасіі Сергуты, дазволілі ў конкурсах "Прадстаўленне каманд" і эстраднай песні заняць ганаровыя другія месцы ў сваёй падгрупе. Дадатковыя балы ў скарбонку каманды па ўмовах конкурсаў былі атрыманы дзякуючы ўдзелу ў іх прадстаўніка кіраўніцтва ведамства - Наталлі Філіпавай, і выкарыстанню аўтарскіх тэкстаў песень Таццяны Кацянёвай.
Рыхтуючыся да конкурсу "Турысцкія навыкі і побыт" каманда Міністэрства юстыцыі не толькі старанна выконвала ўсе патрабаванні арганізацыі турыстычнага лагера, але і кожную з яго лакацый аформіла ў духу партызанскай вёскі часоў Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў. Тут быў і штаб, і партызанская кухня, і гаспадарчы блёк. Турыстычныя намёты, якія замянялі зямлянкі і бліндажы, былі зацягнуты маскіровачнай сеткай. А ў адной з іх арганізаваны музейны куток, у якім знайшлі сваё месца ўзоры зброі тых часоў - легендарная «Масінка» і пісталет-кулямёт Шпагіна (ППШ), радыёперадавальнік, тэлефонны апарат, элементы абмундзіравання, экіпіроўкі, прадметы партызанскага побыту. Тут жа можна было азнаёміцца з архіўнымі выпускамі газет ваеннага перыяду, улёткамі, картамі баявых дзеянняў, перасоўнымі экспазіцыямі, якія раскрываюць асобныя дэталі партызанскага руху і вядомай аперацыі "Баграціён", вынікам якой стала поўнае вызваленне тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Уладкаванне лагера ў духу партызанскай вёскі і правядзенне экскурсій для ўсіх жадаючых наведвальнікаў узяў на сябе начальнік упраўлення ідэалагічнай работы і кадравага забеспячэння Дзмітрый Дрозд. Крэатыўныя задумкі былі высока ацэнены членамі журы гэтага конкурсу, і каманда Мінюста ўдастоена ганаровага трэцяга месца.
Спартыўная праграма злёту прынесла не самы высокі вынік у нашу скарбонку. Ва ўпартай барацьбе даводзілася саступаць лічаныя балы і секунды пастаянным фаварытам штогадовых злётаў - камандам Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, Міністэрства па падатках і зборах, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Трэцяе месца ўдалося заняць у спаборніцтвах па тэхніцы пешаходнага турызму (Аляксандр Грыдзюшка, Валерый Мяльгуй, Ганна Трапец, Анастасія Сергута). Усяго за крок ад п'едэстала гонару спынілася наша каманда ў спаборніцтвах па тэхніцы воднага турызму (Дзмітрый Каваленка, Кірыл Стаякоў, Вольга Шчарбініна). Пятыя месцы заваявалі мінюстоўцы ў спаборніцтвах па спартыўным арыентаванні (Уладзімір Высоцкі, Аляксандр Грыдзюшка, Аліна Асташэвіч-Паўлоўская, Юлія Усцінава) і тэхніцы веласіпеднага турызму (Ірына Комар, Аляксандр Мазур, Аляксей Пячкураў).
Па суме балаў каманда Міністэрства юстыцыі заняла чацвёртае месца, саступіўшы ўсяго толькі два ачкі бронзавым прызёрам - Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю.
Але гэта ні ў якім разе не зламала баявы дух нашых спартоўцаў, а прымусіла задумацца над сваімі недахопамі і намеціць планы на будучыню па ўдасканаленні асобных навыкаў.
Самы галоўны вынік, які быў паспяхова дасягнуты ўсімі ўдзельнікамі злёту - гэта небывалае згуртаванне калектыву з апусканнем у атмасферу турыстычнага жыцця на ўлонні беларускай прыроды, з чыстым паветрам хваёвага лесу і з песнямі пад гітару аб родным краі і яго найбагатай гісторыі каля вогнішча.
