Міністэрства юстыцыі далучылася да акцыі "Тыдзень лесу"

Сённяшнім пагодлівым красавіцкім днём работнікі Мінюста змянілі строгія дзелавыя касцюмы на больш свабоднае адзенне, каб адправіцца ва ўгоддзі Лагойскага лясгаса, дзе на працягу апошніх некалькіх гадоў ведамства прымае ўдзел у акцыі "Тыдзень лесу".

Крыху менш за гадзіну заняла дарога ад Мінскай кальцавой. Праехаўшы праз Лагойск, яшчэ пару кіламетраў па звілістай гравейцы, і вось ветлівыя работнікі лесу сустракаюць сталічны дэсант пад кіраўніцтвам намесніка Міністра юстыцыі Алега Ката на адной з дзялянак, падрыхтаванай для пасадкі сасновага лесу. Перад пачаткам работ - абавязковы інструктаж па мерах бяспекі з подпісамі ў спецыяльным часопісе.

«Не бойцеся, дзяўчаты! Манікюр не сапсуяце», - з усмешкай заўважае адна з працаўніц лясгаса, знаёмячы госцяў з няхітрай прыладай для пасадкі сеянцаў. Засвоіўшы нескладаную тэхналогію, размеркаваліся па парах і занялі загадзя праараныя разоры на залітай сонечным святлом дзялянцы. Выконваючы ўстаноўлены інтэрвал паміж лункамі, рушылі ў глыбіню лесу, пакідаючы за сабой роўныя рады маладых сасновых саджанцаў.

Па словах работнікаў лясгаса пры такім спосабе пасадкі іх прыжывальнасць складае практычна сто працэнтаў. «Гадоў праз пяць, калі прыедзеце, будуць з чалавечы рост. Ну а сваёй сталасці дрэвы дасягнуць гадоў праз восемдзесят», - паабяцаў адзін з майстроў лесу.

Пасля пары гадзін актыўнай працы апусцелі некалькі дзясяткаў каробак з-пад саджанцаў, прывезеных з гадавальніка. Разагрэўшыся пад промнямі красавіцкага сонца, смагу наталілі свежым бярозавым сокам. Завяршылі мерапрыемства ўстаноўкай памятнай таблічкі ля месца пасадкі і агульным фатаграфаваннем. Развітаўшыся з ветлівымі гаспадарамі лесу, работнікі Мінюста абяцалі абавязкова прыехаць у наступным годзе, каб не толькі паглядзець вынік сваёй працы, але і прадоўжыць добрую традыцыю па захаванні лёгкіх нашай планеты.

уверх