Экскурсія для работнікаў Мінюста на Мінскім аўтазаводзе

Сёння прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі пад кіраўніцтвам першага намесніка Міністра Наталлі Філіпавай наведалі з экскурсіяй Мінскі аўтамабільны завод.

Практычна ўсе ўдзельнікі апынуліся на прадпрыемстве ўпершыню і, вядома ж, былі ўражаны маштабнасцю тэрыторыі завода. Гэта горад у горадзе са сваімі вуліцамі, завулкамі, святлафорамі і нават аўтамабільнай інспекцыяй!

Не меншае ўражанне зрабіла багатая гісторыя флагмана беларускага аўтамабілебудавання, прадстаўленая завадской калекцыяй грузавікоў на пастаментах, стэндах, фатаграфіях і ў макетах.

Складана ўявіць, што ў 1944 годзе на тэрыторыі толькі што вызваленага ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Мінска арганізуецца будаўніцтва аўтазборачнага завода, а ўжо ў 1947 годзе з яго цэха выходзяць першыя пяць аўтамабіляў, якія прымуць удзел у парадзе 7 лістапада.

Ад экскурсавода прадстаўнікі Мінюста даведаліся, што работнікі МАЗа ўдзельнічалі ў стварэнні такіх вядомых сёння заводаў як БЕЛАЗ, МЗКЦ і КАМАЗ. На канвеерных лініях на свае вочы змаглі ўбачыць, як нараджаюцца на свет магутныя грузавікі і камфартабельныя аўтобусы. Пагутарыўшы з рабочымі зборачных цэхаў, даведаліся аб некаторых тэхналагічных тонкасцях, наватарскіх ідэях і дызайнерскіх рашэннях.

Па выніках экскурсіі кожны з яе ўдзельнікаў змог пераканацца, што пазнавальнасць і якасць беларускага брэнда забяспечваецца не толькі дакладна наладжаным вытворчым працэсам аўтагіганта, але і дзякуючы згуртаванаму калектыву прафесіяналаў, адданых сваёй справе.

уверх