Перапісаць гісторыю немагчыма, пакуль у дзяржаве працуюць архіўныя ўстановы

Аб гэтым гаварыў Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка сёння на сустрэчы з калектывам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі і Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.

Візіт Міністра ў адміністратыўны будынак, дзе размясціліся архіў і інстытут, пачаўся з азнаямлення з чытальнымі заламі. Намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Ірына Каўганава правяла невялікі экскурс у гісторыю стварэння ўстановы, парадак фарміравання фондаў, работы з імі.

Больш дэталёвае азнаямленне з архіўнымі памяшканнямі, дакументамі якія захоўваюцца ў іх, правёў вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Уладзімір Дзянісаў, дарэчы, удастоены звання "Ганаровы архівіст Беларусі". Міністру юстыцыі былі прадстаўлены неацэнныя экзэмпляры актавых кніг XVI стагоддзя, матэрыялы крымінальных і грамадзянскіх спраў, якія захоўваліся ў архівах судовых устаноў Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. "Па сутнасці, у гэтых дакументах адлюстравана гісторыя юстыцыі Беларусі і беларускай дзяржаўнасці, якая сваімі каранямі ідзе ў глыбіню стагоддзяў", - падкрэсліў Уладзімір Дзянісаў.

Работнікамі Нацыянальнага гістарычнага архіва былі клапатліва прадэманстраваны дакументы аб палітычнай, сацыяльна-эканамічнай і культурнай гісторыі беларускага народа. Найбольш раннія з іх – сапраўдныя пергаментныя граматы XIV–XVII стст., напісаныя на старабеларускай, старапольскай і лацінскай мовах і якія ўяўляюць сабой дароўныя, жалаваныя вялікіх князёў літоўскіх, польскіх каралёў, граматы дыпламатычнага і ўнутрыдзяржаўнага значэння, прывілеі на Магдэбургскае права гораду Нясвіжу і Мазыру.

Скарыстаўшы магчымасць дакрануцца да ўнікальных помнікаў нацыянальнай культуры, Сяргей Хаменка адзначыў, што знакавыя мерапрыемствы, якія праводзяцца Міністэрствам юстыцыі, асабліва ў Год гістарычнай памяці, абавязкова павінны суправаджацца выставамі і экспазіцыямі падобных бясцэнных дакументаў.

Асабліва зацікавілі кіраўніка ведамства знойдзеныя ў фондах установы звесткі аб выдатных кіраўніках і работніках Нацыянальнага гістарычнага архіва. У іх ліку Кутузаў Аляксей Ціхановіч, які ў гады Вялікай Айчыннай вайны быў камісарам партызанскага атрада імя Молатава і 1-й Баранавіцкай Чырвонапартызанскай брыгады. Пасля вайны займаўся працай у Цэнтральным дзяржаўным гістарычным архіве БССР па выкарыстанні дакументаў у навуковых мэтах.

Іван Васільевіч Рошчын у 1964 годзе быў прызначаны першым дырэктарам Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва ў г.Мінску. З 1968 па 1971 год - першы дырэктар мемарыяльнага комплексу Хатынь - філіяла Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Да яго малавядомых заслуг неабходна аднесці выратаванне вывезеных нямецка-фашысцкімі захопнікамі і перадачу ў Беларусь кніжных фондаў, у тым ліку і асабістай бібліятэкі вялікага рускага пісьменніка Івана Тургенева.

Таксама Міністр юстыцыі азнаёміўся з умовамі працы работнікаў і спецыялістаў Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы, забеспячэннем лабараторый і іншых спецыяльных памяшканняў тэхнічным абсталяваннем для навукова-даследчай, выдавецкай і архіўнай работы.

Напрыканцы свайго візіту на агульным сходзе калектыву Сяргей Хаменка падзякаваў работнікам архіва за той уклад, які яны ўносяць у захаванне гістарычнай памяці нашага народа. «Сёння мы з вамі жывем у свеце, які вельмі хутка развіваецца, на жаль адной з уласцівасцяў якога сталі бесперапынныя спробы перапісвання гісторыі. Любая дзяржава, якая імкнецца захаваць сваю ідэнтычнасць, культуру, традыцыі, сваю незалежнасць, абавязана беражліва ставіцца да сваёй гісторыі, якая ў некранутым выглядзе адлюстравана ў першую чаргу ў архіўных дакументах. Таму важнасць прафесіі архівіста сёння бясспрэчная», - падкрэсліў Міністр юстыцыі.

Закрануўшы тэму канстытуцыйнай рэформы, сацыяльна-палітычную сітуацыю ў краіне і за яе межамі, Сяргей Мікалаевіч адзначыў: «Цяжка знайсці больш міралюбівую дзяржаву, чым Рэспубліка Беларусь, якая не раз выступала пляцоўкай для вырашэння міждзяржаўных канфліктаў, ніколі не мела тэрытарыяльных ці іншых прэтэнзій да каго-небудзь, але ў апошні час падвяргаецца беспадстаўным нападкам і санкцыйнаму ціску».

«Самы эфектыўны сродак разбурэння любой дзяржавы, які апошнім часам усё часцей прымяняецца заходнім светам, заснаваны на стварэнні ўнутранага канфлікту. І наша з вамі задача сёння - стаяць на варце дзяржавы, не забываючы сваю гісторыю і захоўваючы яе для будучых пакаленняў», - рэзюмаваў Міністр юстыцыі.

уверх