У рамках Года міру і стварэння тэматычны занятак для Мінicтэрства юстыцыi прайшоў на базе НАРБ

11 студзеня 2023 г. у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных Году міру і стварэння, для работнікаў цэнтральнага апарата Міністэрства юстыцыі прайшлі тэматычныя заняткі на базе Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Дырэктар архіва Андрэй Дземянюк ва ўступным слове праінфармаваў удзельнікаў сустрэчы аб ключавых праектах, рэалізаваных архівістамі ў Год гістарычнай памяці, і ў прыватнасці - аб працы над інтэрнэт-парталам "Партызаны Беларусі", за ўклад у стварэнне і развіццё якога калектыў установы быў адзначаны высокай узнагародай - Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

"Гэта вялікі гонар для ўсіх нас і адначасова стымул працаваць яшчэ больш актыўна ў мэтах захавання, вывучэння і папулярызацыі багатай гісторыка-дакументальнай спадчыны беларускага народа", - падкрэсліў Андрэй Канстанцінавіч.

Ён таксама анансаваў шэраг інфармацыйна-асветніцкіх, выдавецкіх і выставачных праектаў, запланаваных архівам да рэалізацыі ў 2023 годзе ў рамках правядзення Года міру і стварэння, у тым ліку - прысвечаных аднаўленню народнай гаспадаркі Беларусі ў пасляваенны перыяд.

Удзельнікі занятку таксама даведаліся пра гісторыю Нацыянальнага архіва, актуальную структуру і кірункі дзейнасці ўстановы, відавую і тэматычную разнастайнасць дакументаў у яго фондах.

У ходзе агляднай экскурсіі работнікі Міністэрства юстыцыі наведалі чытальную залу і архівасховішчы, дзе азнаёміліся з унікальнымі дакументальнымі матэрыяламі па тэме станаўлення і развіцця сучаснай беларускай дзяржаўнасці, па гісторыі арганізацыі партызанскага руху на тэрыторыі рэспублікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, а таксама з архіўным фондам Міністэрства дакументамі асабістага паходжання выдатных дзеячаў культуры, навукі і палітыкі Беларусі.

«У здзяйсненнях і дасягненнях папярэдніх пакаленняў - надзейны падмурак для стваральнай працы і ўстойлівага развіцця беларускага грамадства і дзяржавы сёння. Ведаць і захоўваць гісторыю, памятаць пра досвед нашых папярэднікаў трэба і для таго, каб не дапусціць скажэнні і падмены сапраўдных каштоўнасцяў нашага народа, самымі галоўнымі з якіх з'яўляюцца мір і адзінства», – падзяліліся сваімі ўражаннямі ўдзельнікі мерапрыемства.
уверх