Дзяржаўныя сімвалы - найважнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці краіны

Сёння ў сценах актавай залы Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз адбылося сумеснае з Міністэрствам юстыцыі ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню Дзяржаўнага флага, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Запрасілі і прадстаўнікоў падрастаючага пакалення - навучэнцаў 10 класа ваенна-патрыятычнай (пагранічнай) накіраванасці Сярэдняй школы №206 імя А.М.Кіжаватава г. Мінска, а таксама выхаванцаў Мінскага гарадскога кадэцкага вучылішча.

У фае адміністрацыйнага будынка работнікам двух ведамстваў дэманстраваліся выставы "Аб дзяржаўных сімвалах Беларусі" і "Геральдыка сучаснай Беларусі", падрыхтаваныя Нацыянальным архівам Беларусі.

Урачыстая частка мерапрыемства пачалася з выканання Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. З віншаваннямі ў гонар дзяржаўнага свята выступілі намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксандр Лашын і намеснік Міністра юстыцыі Дзмітрый Касцюкевіч.

"Дзяржаўны флаг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь назаўжды застануцца свяшчэннымі сімваламі для ўсіх пакаленняў нашых грамадзян, будуць натхняць іх на працоўныя дасягненні", - адзначыў Аляксандр Лашын.

Зміцер Касцюкевіч падкрэсліў, што патрыятызм кожнага чалавека непарыўна звязаны з трапяткім і паважлівым стаўленнем да сцяга, герба і гімна сваёй краіны. "Дзяржаўныя сімвалы - гэта гісторыя і будучыня беларускай дзяржавы, увасабленне ідэі нацыянальнага адзінства, важнейшыя атрыбуты суверэнітэту і незалежнасці краіны", - заявіў намеснік Міністра юстыцыі.

У рамках урачыстага мерапрыемства праведзены падрыхтаваны Міністэрствам юстыцыі тэматычны кіналекторый.

Аб гісторыі Дзяржаўных сімвалаў Рэспублікі Беларусь прысутным расказала Марына Ялінская - вядучы рэферэнт аддзела арганізацыйнай работы, інфармацыі і выкарыстання дакументаў Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі, сакратар Геральдычнага савета пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, кандыдат гістарычных навук. Марына Міхайлаўна спынілася на знакавых зменах выяваў нашых знакаў і гістарычных фактах, якія ўплывалі на гэты працэс. Прывяла асобныя прыклады ўвасаблення нацыянальнай культуры і традыцый нашага народа ў элементах дзяржаўнай сімволікі.

Пра тое, якое значэнне ў жыцці грамадства адыгрывае Дзяржаўны гімн і чаму ён быў уключаны ў афіцыйную назву дзяржаўнага свята, расказала загадчык кафедры сацыяльна-гуманітарных дысцыплін установы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі", дацэнт Наталля Сазановіч.

У рамках кіналекторыя да прысутных на ўрачыстым мерапрыемстве звярнуўся дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў Андрэй Ганчар, які прадставіў спецыяльны рэпартаж "Сімвалы народа", які захоўваецца ў фондах БДАКФФД.

На заканчэнне мерапрыемства намеснік Старшыні Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Аляксандр Лашын выказаў словы падзякі арганізатарам мерапрыемства за цікавую і пазнавальную інфармацыю.

уверх