У галоўным упраўленні юстыцыі Мінгарвыканкама прайшла сустрэча з удзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане генерал-маёрам Люцыянам Сурынтам
Напярэдадні Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў работнікі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама сустрэліся 8 лютага з намеснікам старшыні Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, удзельнікам баявых дзеянняў у Афганістане генерал-маёрам у адстаўцы Люцыянам Сурынтам, перадае карэспандэнт агенцтва "Мінск-Навіны".
У пачатку сустрэчы ўдзельнікі абмеркавалі праект змен і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Л. Сурынт у прыватнасці, зрабіў акцэнт на арт. 54 праекта Канстытуцыі, якая дапоўнена наступным пасылам: «Праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага народа з'яўляюцца абавязкам кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь».
- Вельмі важны дадатак, ён падказаны самім жыццём, - падкрэсліў выступоўца. - Патрыятызму надаецца недастаткова ўвагі. Прычыны розныя. Асноўная ў тым, што парушана стройная сістэма ідэйнага і патрыятычнага выхавання, якая была напрацавана ў нашай дзяржаве за многія гады. Гэты год аб'яўлены Годам гістарычнай памяці. Гаворачы аб гістарычнай памяці, як правіла, мы сваю ўвагу канцэнтруем на подзвігу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, на мужнасці і гераізме людзей, якія заваявалі Перамогу. Неаб'яўленая вайна ў Афганістане, якая прынесла тысячам людзей столькі гора, фізічных пакут, - гэта таксама частка нашай гісторыі, якую не перапішаш.
Пра герояў і страты ў той вайне Савецкі Саюз даведваўся паступова. Многае пра тыя падзеі замоўчвалася, многае падавалася не ў тым выглядзе, як гэта было насамрэч. Хаця людзі выконвалі баявыя задачы і гінулі. Спачатку на могілках воінаў-афганцаў не хавалі на бачных месцах і не пісалі на помніках, што чалавек загінуў пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку.
Люцыян Станіслававіч расказаў прысутным аб тым, як ён выконваў свой воінскі абавязак. А праслужыў ён 40 гадоў, 20 з якіх - у Савецкай Арміі і столькі ж у беларускай. З ваеннай службы звольніўся на пасадзе камандуючага Сіламі спецыяльных аперацый.
– Пасля заканчэння школы паступіў у Разанскую гвардзейскую вышэйшую паветрана-дэсантную камандную вучэльню, – распавёў пра сябе Л. Сурынт. – Пасля заканчэння накіраваўся служыць у Віцебск у 103-ю гвардзейскую паветрана-дэсантную дывізію, вайскоўцы якой у ліку першых патрапілі ў Аўганістан. У снежні 1979 г. савецкія войскі ўвайшлі ў Аўганістан і пакінулі яго ў лютым 1989. Я бачыў, якія высокія псіхалагічныя і фізічныя нагрузкі адчувалі вайскоўцы. Было вельмі нялёгка, асабліва ў першыя гады. Але загады камандзіраў выконваліся беспярэчна, дакладна і ў тэрмін. Вельмі была развіта таварыская ўзаемадапамога. Тут было ўсё роўна, колькі служыць салдат ці сяржант. Важна было іншае: як ты сябе паводзіш у баі.
Фота Сяргея Лукашова
