Беларусь памятае!

Напярэдадні значнага для нашага народа свята - Дня Перамогі Міністэрства юстыцыі, органы і арганізацыі, якія ўваходзяць у яго сістэму, бяруць удзел у рэспубліканскай патрыятычнай эстафеце памяці “Беларусь памятае. Памятаем кожнага».

Сёння да помніка ахвярам генацыду – мемарыялу «Яма» усклалі кветкі прадстаўнікі цэнтральнага апарата Міністэрства юстыцыі на чале з Сяргеем Хаменкам.

Месца, дзе ўсталяваны мемарыял, вядома тым, што тут 2 сакавіка 1942 года, рэалізуючы палітыку генацыду, нацысты расстралялі каля 5 000 вязняў менскага гета. Перад пачаткам цырымоніі прадстаўнікам Мінюста расказалі аб падзеях тых страшных дзён і гісторыі стварэння мемарыяла.

"Зло не мае нацыянальнасці, як і не маюць нацыянальнасці ахвяры той вайны", - звяртаючыся да маладых работнікаў ведамства, адзначыў Міністр юстыцыі. «У знішчэнні яўрэяў, славянскіх народаў - рускіх беларусаў, украінцаў, удзельнічалі не толькі фашысцка-нямецкія войскі, але і прадстаўнікі многіх іншых еўрапейскіх дзяржаў. І зараз мы разумеем, што гэтае зло не было выкаранена да канца ў 1945-м. Яно стаілася на некалькі дзесяцігоддзяў і пачынае зноў паднімаць галаву», - падкрэсліў Сяргей Хаменка.

Нагадаў кіраўнік ведамства і аб неймаверных намаганнях, прыкладзеных савецкім народам у барацьбе з германскай ваеннай машынай, на якую працавала практычна ўся прамысловасць Еўропы, аб тых чалавечых лёсах, якія былі прынесены ў ахвяру ў імя свабоды цяперашніх пакаленняў і незалежнасці нашай дзяржавы.

Яшчэ адным памятным месцам, якое наведалі сёння работнікі Міністэрства юстыцыі, была брацкая магіла з манументам «Смуткуючая маці» ў сталічным парку Чалюскінцаў. У мерапрыемстве прыняла ўдзел першы намеснік Міністра юстыцыі Наталля Філіпава і актыў пярвічнай арганізацыі Мінюста ГА "Беларускі саюз жанчын". Гаворачы аб захаванні гістарычнай праўды, Наталля Мікалаеўна адзначыла, што сёння наш святы абавязак шанаваць памяць загінуўшых і абараняць праўду аб той вайне. «У кожнага загінулага салдата, партызана, падпольшчыка, мірнага чалавека была маці. Толькі ўявіце, што адчувалі гэтыя жанчыны-маці, калі для іх назаўжды гасла іх сонца, іх сэнс жыцця. Гэты помнік якраз расказвае пра гэта. Ён - сімвал нашага агульнага болю і горычы, вечнай памяці і смутку», - адзначыла першы намеснік Міністра, звяртаючыся да ўдзельнікаў мерапрыемства.

Памятныя мерапрыемствы ля мемарыялаў, месцаў масавых пахаванняў ваеннаслужачых і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны праходзяць гэтымі днямі па ўсёй краіне з удзелам работнікаў органаў і арганізацый Міністэрства юстыцыі, прадстаўнікоў натарыята і адвакатуры. Пры наведванні такіх месцаў у сэрцах людзей застаецца незгладжальны след аб той трагедыі, якую прыйшлося перажыць нашым старэйшым пакаленням. Менавіта тут лягчэй засвойваюцца ўрокі гісторыі, якія дапамагаюць разумець і шанаваць нашае жыццё. І сённяшнія пакаленні нашых грамадзян з упэўненасцю могуць сцвярджаць, што Беларусь памятае.

уверх