Наведванне адукацыйнага Цэнтра бяспекі МНС работнікамі Міністэрства юстыцыі
Яшчэ не паспелі астыць эмоцыі пасля экскурсіі па залах Палаца Незалежнасці Рэспублікі Беларусь, і вось пасля невялікага пераезду на вуліцу Алешава свае дзверы перад работнікамі Міністэрства юстыцыі адчыніў адукацыйны Цэнтр бяспекі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Начальнік Цэнтра Алена Парчук з ветлівасцю гасціннай гаспадыні распавяла гісторыю стварэння сваёй установы з моманту ўзнікнення самой ідэі і да дня адкрыцця яго для наведвальнікаў. Дарэчы сказаць, аналагаў дадзенага Цэнтра няма ні ў адной еўрапейскай краіне. І ў гэтым не ўзнікае ніякага сумневу пасля наведвання яго незлічоных лакацый. Гасцей уразілі не толькі маштабы збудавання, але і дэталёвыя прапрацоўкі разнастайных сітуацый, у якіх можа апынуцца не толькі дзіця, але і самастойны дарослы чалавек. Пераход дарогі на забараняльны сігнал святлафора, сустрэча з незнаёмцам у ліфце або цёмным завулку, ДТЗ, пажар, ураганны вецер і іншыя надзвычайныя здарэнні змадэліраваны з выкарыстаннем натуральных аб'ектаў, рэчаў, прадметаў або ў віртуальнай рэальнасці.
Хоць мэтай наведвання Цэнтра было азнаямленне з працэсам навучання асновам бяспечных паводзінаў, ніхто не выпусціў магчымасці выпрабаваць сябе ў праходжанні асобных «квестаў» - выбрацца з задымленага памяшкання, аказаць першую дапамогу пацярпеламу або адчуць на ўласным целе неабходнасць прышпіленага рамяня бяспекі ў перавернутай машыне.
Перапоўненыя ўражаннямі ўдзельнікі экскурсіі пасля яе завяршэння выказалі вялізныя словы ўдзячнасці работнікам Цэнтра за тую высакародную працу, якой яны сябе прысвяцілі, расказваючы і навучаючы, перш за ўсё, дзяцей школьнага ўзросту, а таксама іх бацькоў асновам бяспекі. Немагчыма, мусіць, падлічыць, колькі атрымалася зберагчы і захаваць дзіцячых жыццяў пасля навучання ў Цэнтры, але нават адна з іх варта ўсіх затрачаных сродкаў і высілкаў на яго ўзвядзенне і функцыянаванне.
