Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ўпершыню прыйшоў у школы г. Мінска

Важнай задачай любога архіва з'яўляецца не толькі захаванне і выкарыстанне сваіх збораў, але і вядзенне папулярызацыйнай працы - азнаямленне як мага шырэйшага круга людзей з тымі скарбамі, якія захоўваюцца ў яго фондах.

1 верасня 2022 г. у Рэспубліцы Беларусь традыцыйна адзначаецца Дзень ведаў, а школьнікі і студэнты пачынаюць новы навучальны год. Сёлета першы ўрок у школах Беларусі праходзіць на тэму "Гістарычная памяць - дарога ў будучыню". Гісторыя, пра якую расказваюць настаўнікі і выкладчыкі ў школах і ўніверсітэтах, захоўваецца, сярод іншага, архівамі. І роля Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў захаванні гістарычнай памяці ў нашай краіне з'яўляецца асабліва важнай.

Менавіта таму ў НДА Беларусі быў праведзены комплекс мерапрыемстваў да Дня ведаў. У гэты дзень супрацоўнікі архіва прыйшлі на першыя ўрокі ў г. Мінску. Намеснік дырэктара архіва Ірына Каўганава, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела навуковага выкарыстання дакументаў Маргарыта Кароль, вядучы архівіст аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм Алена Любая і загадчыца аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Вольга Чарвінская правялі першыя ўрокі на тэму «Гістарычная памяць – дарога ў будучыню» ў сярэдніх школах №№ 4 і 27 г. Мінска. Архівісты расказалі вучням пра тое, што такое архівы, для чаго яны існуюць у нашай дзяржаве, як яны фармаваліся ў розныя гістарычныя перыяды, а таксама пра тое, якія дакументы захоўваюцца менавіта ў НДА Беларусі. Шэраг рэдкіх і ўнікальных дакументаў быў прадэманстраваны вучням і іх настаўнікам у арыгінальным і электронным выглядзе.

Падобная папулярызацыйная праца ўпершыню была праведзена ў такім фармаце, калі не толькі навучэнцы прыходзяць у архіў, але і супрацоўнікі архіва ідуць у навучальныя ўстановы, паказваюць дакументы і расказваюць пра гісторыю іх стварэння і каштоўнасці.

Таксама, у сценах НДА Беларусі быў праведзены першы ўрок для вучняў 10 "Б" класа сярэдняй школы № 27 г. Мінска. Дырэктар архіва Алег Воінаў у сваім прывітальным слове павіншаваў школьнікаў з пачаткам новага навучальнага года. Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Уладзімір Дзянісаў расказаў аб архіве і яго функцыях у сучасным свеце, аб гісторыі фарміравання збораў НІА Беларусі, аб складзе яго фондаў на сённяшні дзень. Затым сумесна з загадчыцай аддзела захаванасці дакументаў і фондаў Галінай Кутуковай была праведзена экскурсія па фондах архіва. Падчас яе вучні змаглі ўбачыць "ужывую" некаторыя каштоўныя дакументы, напрыклад, самы старажытны дакумент у архіве - грамату 1391 г., - а таксама кнігі старажытных актаў перыяду Рэчы Паспалітай, друкаваны "Альбом Радзівілаў" сярэдзіны XVIII ст., метрычныя кнігі праваслаўнай і каталіцкай канфесій.

Ва ўсіх сваіх выступленнях архівісты асаблівую ўвагу прысвяцілі тэме таго, што гістарычная памяць - гэта таксама памяць кожнага чалавека аб сваіх блізкіх і далёкіх продках, і калі чалавечая памяць праз пакаленні можа губляцца, то дакументы здольныя захоўваць звесткі пра людзей доўгія стагоддзі. Супрацоўнікі архіва адказалі на шматлікія пытанні вучняў, у якіх гэтыя ўрокі выклікалі самую жывую зацікаўленасць гісторыяй Беларусі і сваёй дакументальнай спадчыны.

 

Падобныя мерапрыемствы ў бягучым годзе з'яўляюцца тым больш актуальнымі, што ў 2022 г. у Рэспубліцы Беларусь аб'яўлены Год гістарычнай памяці і адзначаецца 100-годдзе архіўнай службы Беларусі. Аднак і ў далейшым правядзенне ўрокаў 1 верасня, у Дзень ведаў, вырашана ўвесці ў пастаянную практыку архіва.

 

Па матэрыялах сайта "Архівы Беларусі". Фота НІА.

уверх