Урок у Дзень ведаў у Навасёлкаўскай школе правёў Намеснік Міністра Сяргей Каліноўскі
Намеснік Міністра юстыцыі Сяргей Каліноўскі прыняў удзел 1 верасня 2022 года ва ўрачыстай лінейцы, прысвечанай пачатку навучальнага года, у ДУА "Навасёлкаўская сярэдняя школа Кобрынскага раёна", дзе павіншаваў школьнікаў, іх бацькоў і педагагічны склад школы з Днём ведаў і ўручыў грашовы сертыфікат.
Сёння Сяргей Аляксеевіч правёў урок, прымеркаваны да Года гістарычнай памяці, на тэму "У гістарычнай памяці сіла і адзінства беларускага народа".
Адметна, што гэты ўрок праводзіўся ў музеі школы. Музей быў створаны пад кіраўніцтвам настаўніка, які прапрацаваў у гэтай школе не адзін дзясятак гадоў, Дронца Аляксандра Вячаслававіча. У ім захоўваюцца матэрыялы, прысвечаныя гісторыі вёскі і яе жыхароў. Адмысловае месца ў экспазіцыі нададзена гераічнаму мінуламу навасёлкаўцаў: удзелу ў паўстанні супраць польскай улады ў 1933 г. і дужанню супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
На прыкладзе гістарычных падзей і асоб намеснік Міністра паказаў неабходнасць захавання нацыянальнай культуры і самабытнасці нашага народа. Ён яшчэ раз падкрэсліў важнасць беражлівых адносін да традыцый продкаў, а таксама захавання гістарычнай памяці аб подзвігу беларускага народа ў супрацьстаянні нямецкім акупантам у Вялікую Айчынную вайну.
У ходзе мерапрыемства школе былі перададзены матэрыялы аб гісторыі вёскі і яе жыхароў, сабраныя Дэпартаментам па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, якія захоўваюцца ў фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Адмысловае месца ў школьнай бібліятэцы зоймуць кнігі аб генацыдзе беларускага народа "Без тэрміна даўнасці: злачынствы нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі БСССР у гады Вялікай Айчыннай вайны", падрыхтаваныя да выдання Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі і іншымі дзяржаўнымі органамі.
У рамках візіту Сяргей Аляксеевіч адказаў на пытанні наконт працы Цэнтральнай выбарчай камісія пры арганізацыі рэспубліканскага рэферэндуму, які праходзіў у лютым 2022 года, у пытанні ўнесеных змяненняў у частцы захавання нацыянальнай культуры, развіцця асобы з захаваннем гістарычнай памяці. У размове з працоўным калектывам школы таксама абмяркоўваліся задачы дзяржавы ў галіне развіцця паўнацэннай асобы і грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, праблемы ідэалагічнага і патрыятычнага выхавання школьнікаў.
На заканчэнне візіту на сваю малую радзіму намеснік Міністра сумесна з кіраўніцтвам выканаўчай улады раёна, школы і школьнікамі ўсклаў вянок да Абеліска памяці загінуўшым аднавяскоўцам у гады Вялікай Айчыннай вайны.
