Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка павіншаваў з Днём ведаў навучэнцаў падшэфнай школы
Па ўсёй краіне 1 верасня сардэчна сустракаюць школы сваіх выхаванцаў, а таксама гасцей, якія спяшаюцца павіншаваць з Днём ведаў настаўнікаў і першаклашак.
Традыцыйна ва ўрачыстай лінейцы ў падшэфнай установе «Бярозкаўскі дзіцячы сад – базавая школа Докшыцкага раёна» прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі на чале з Міністрам Сяргеем Хаменкам.
Урачыстую лінейку адкрыла дырэктар школы Таццяна Ляцецкая. З прывітальным словам да настаўнікаў, школьнікаў і бацькоў звярнуўся Міністр юстыцыі. Сяргей Хаменка павіншаваў усіх са святам, пажадаўшы настаўнікам прафесійных і творчых поспехаў у іх высакароднай справе, а падрастаючаму пакаленню - спасцігаючы асновы навукі, стаць сапраўднымі грамадзянамі патрыётамі сваёй краіны.
Варта адзначыць, што Бярозкаўская школа далёка не самая буйная ў Докшыцкім раёне і налічвае ўсяго 20 вучняў. Толькі адзін з іх пайшоў першы раз у першы клас у гэтым годзе. Але нават гэты факт не здымае адказнасці з настаўнікаў і патрабуе належнага забеспячэння навучальнага працэсу, які дазваляе адкрыць кожнаму школьніку дарогу ў шырокі свет ведаў.
Дарэчы сказаць, Міністэрства юстыцыі прымае сталы ўдзел ва ўмацаванні матэрыяльнай базы школы. На гэты раз у якасці падарункаў шэфы прывезлі з сабой неабходную аргтэхніку, спартыўны інвентар і канцылярскае прыладдзе. А школьная бібліятэка папоўнілася серыяй зборнікаў "Без тэрміна даўнасці", якія расказваюць аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых на акупаванай тэрыторыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Ад органаў прымусовага выканання галоўным судовым выканаўцам Рэспублікі Беларусь Сяргеем Нікелем калектыву школы быў уручаны сертыфікат на суму дзве тысячы беларускіх рублёў. Менавіта гэтая сума па рашэнні суда была спагнаная ў якасці кампенсацыі маральнай шкоды на карысць Сяргея Юльянавіча за паклёпніцкія выказванні аднаго з падпісчыкаў дэструктыўных тэлеграм-каналаў у 2020 годзе. Адразу ж пасля абвяшчэння пастановы суда без вагання ім было прынята рашэнне перадаць атрыманыя грошы на дабрачыннасць падшэфнай школе.
Пасля ўрачыстай лінейкі са словамі на дарогу ад гасцей і старшакласнікаў першы званок даў старт новаму навучальнаму году і першаму ўроку, прысвечанаму Году гістарычнай памяці, які для навучэнцаў Бярозкаўскай школы правёў Міністр юстыцыі. Суправаджаючы свой выступ маляўнічымі слайдамі, Сяргей Хаменка расказаў школьнікам аб важнасці захавання гістарычнай памяці, гераічным мінулым нашага народа, станаўленні беларускай дзяржаўнасці і важных памятных датах у нашай гісторыі.
«Старажытныя мудрацы казалі «гісторыя - гэта настаўнік жыцця». З гэтым цяжка не пагадзіцца. Але для таго, каб гісторыя магла якасна выконваць свае педагагічныя функцыі, трэба аб'яднанне намаганняў усіх сябраў беларускага грамадства, кожнага беларуса – і вас у тым ліку. Не забывайце, што, вывучаючы гісторыю ў школе, віншуючы ветэранаў, ускладаючы кветкі да гістарычных помнікаў і манументаў, захоўваючы сямейны архіў дакументаў і фатаграфій – вы тым самым уносіце свой асабісты ўклад у агульнадзяржаўную гістарычную палітыку», - падкрэсліў кіраўнік ведамства, звяртаючыся да навучэнцаў.
Прэзентацыю аб удзеле школьнікаў ва ўвекавечанні памяці герояў Вялікай Айчыннай вайны прадставіла вучаніца 9 класа Вікторыя Цыбульская.
На працягу першага навучальнага дня ўвесь калектыў школы прыняў удзел у праглядзе тэлетрансляцыі з выступленнем Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.
Варта адзначыць, што сёння кіраўнікі органаў і арганізацый, якія ўваходзяць у сістэму Міністэрства юстыцыі, ва ўсіх рэгіёнах Беларусі прынялі ўдзел ва ўрачыстых лінейках ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і першых уроках, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці, пад назвай «У гістарычнай памяці сіла і адзінства беларускага народа».
