Дзяржаўныя архівы працягваюць работу па развіццю і напаўненню агульнадаступнай базы даных "Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны"
Дзяржаўнымі архівамі Рэспублікі Беларусь праводзіцца комплексная праца па захаванні, вывучэнні, уводзе ў навуковы абарот і папулярызацыі дакументальных крыніц, якія змяшчаюць звесткі аб злачыннай акупацыйнай палітыцы нацыстаў на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 гадах.
Практычным вынікам дзейнасці архіваў у гэтым накірунку штогод становяцца дакументальныя выданні і публікацыі, выстаўкі дакументаў, удзел архівістаў у падрыхтоўцы тэле- і радыёперадач, выступленні на навукова-практычных канферэнцыях, правядзенне лекцый і экскурсій для школьнікаў і студэнтаў.
Адмысловае месца ў дадзеным пераліку рэалізуемых праектаў займае агульнадаступная база дадзеных "Беларускія вёскі, спаленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны" ( http://db.narb.by/).
База дадзеных створана пры ўдзеле Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага фонду міру, фонду “Гістарычная памяць” (г. Масква) і размешчана ў адкрытым доступе да 70-годдзя Хатынскай трагедыі.
Інфармацыйны рэсурс змяшчае звесткі аб беларускіх вёсках, знішчаных нацыстамі ў 1941–1944 гадах поўнасцю і часткова з насельніцтвам і без жыхароў. У аснову базы дадзеных пакладзены дакументы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Цэнтральнага архіва КДБ Рэспублікі Беларусь, абласных і занальных дзяржаўных архіваў Беларусі, архіваў Расіі. Сярод першакрыніц – акты і сведчанні, якія пацвярджаюць факты злачынстваў, успаміны відавочцаў, дакументы нямецкіх акупацыйных устаноў і воінскіх фарміраванняў, пратаколы допытаў і паказанні былых нямецкіх вайскоўцаў і іх памагатых, якія прымалі ўдзел у злачынствах.
Структура базы дадзеных уключае наступныя палі: назву населенага пункта; сучасны адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел; даваенную адміністрацыйную падпарадкаванасць; колькасць двароў і насельніцтва напярэдадні вайны; колькасць знішчаных двароў і насельніцтва; дата знішчэння населенага пункта; пошукавыя дадзеныя крыніц, адкуль узята інфармацыя. Праграмнае забеспячэнне інфармацыйнага рэсурсу дазваляе праводзіць пошук па розным камбінацыям палёў з магчымасцю атрымання статыстычнай выбаркі.
База дадзеных акрамя тэкставай інфармацыі змяшчае лічбавыя копіі архіўных дакументаў, успаміны выратаваных жыхароў спаленых вёсак і сведак (у тым ліку ў аўдыё- і відэафарматах), фатаграфіі помнікаў, узведзеных на месцах трагедый і інш.
Гэты праект дазваляе, у тым ліку, актывізаваць «зваротную сувязь»: усе жадаючыя маюць магчымасць прыняць удзел у напаўненні базы дадзеных дакументамі з сямейных архіваў або звесткамі, сабранымі ў рамках краязнаўчых экспедыцый.
Матэрыялы базы дадзеных могуць шырока выкарыстоўвацца ў адукацыйным працэсе, пры правядзенні даследчай і краязнаўчай працы, напісанні навуковых артыкулаў, распрацоўцы маршрутаў паклоннага турызму.
Па стане на 28 студзеня 2022 г. у базе дадзеных змяшчаецца інфармацыя пра 9097 беларускіх вёсак, знішчаных у гады Вялікай Айчыннай вайны. Праца па выяўленні звестак аб спаленых вёсках і размяшчэнні інфармацыйна-даведачных матэрыялаў у адкрытым доступе працягваецца.
