Хаменка: сёння судовы выканаўца - гэта адзін з тых сімвалаў, якія выказваюць безумоўнасць выканання рашэння суда

Вынікі дзейнасці судовых выканаўцаў у мінулым годзе, асноўныя праблемныя пытанні і шляхі іх вырашэння разгледжаны сёння на пашыранай нарадзе з удзелам кіраўнікоў тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання, якая прайшла на базе Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Гаворачы аб значнасці тэмы нарады, Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка падкрэсліў: «Важнае пытанне - пытанне паглыблення міжведамаснага ўзаемадзеяння. Такая колькасць запрошаных кіраўнікоў дзяржаўных органаў сведчыць аб вельмі складаным механізме стрымання неправамернай дзейнасці, а судовыя выканаўцы - гэта апошняе звяно, якое абавязана выканаць рашэнне суда. І калі ўзнікаюць абставіны, звязаныя з немагчымасцю гэта зрабіць, трэба інфармаваць сумежныя структуры на ўзроўні раёна, горада, вобласці і шукаць шляхі вырашэння».

У ліку запрошаных кіраўнікоў на нарадзе прысутнічалі Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Вольга Чупрыс, Намеснік Старшыні Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Андрэй Забара, Намеснік Генеральнага пракурора Рэспублікі Беларусь Аляксей Стук і шэраг іншых.

Заслухаўшы даклад начальніка галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання Міністэрства юстыцыі Сяргея Нікеля, Вольга Чупрыс засяродзіла ўвагу на лічбавых паказчыках дзейнасці судовых выканаўцаў за мінулы год. «За любой лічбай павінен стаяць пэўны аналіз. Калі ў статыстыцы ёсць рэзкі ўсплёск і рэзкае падзенне, заўсёды ўзнікае пытанне, чаму. Каб разумець, адкуль з'яўляецца гэтая лічба, неабходна разумець структуру, з якой яна складаецца», - падкрэсліла Намеснік Кіраўніка Адміністрацыі.

Гаворачы аб перспектыўных планах на маючы адбыцца перыяд, Сяргей Нікель адзначыў цэлы шэраг напрамкаў: «Сур'ёзна трэба будзе папрацаваць над іміджам судовых выканаўцаў для таго, каб у вачах грамадства мы выглядалі дастойнымі прадстаўнікамі ўлады, што будзе садзейнічаць вырашэнню задач, якія ў цэлым стаяць перад Міністэрствам юстыцыі. У прыватнасці, прапрацоўваецца пытанне адносна новых узораў форменнага адзення, сімволікі, званняў, культуры адносін у калектывах. Падрыхтаваны шэраг нарматыўных прававых актаў, якія будуць рэгламентаваць гэтыя аспекты дзейнасці судовых выканаўцаў».

Падчас правядзення нарады кожны з запрошаных кіраўнікоў дзяржаўных органаў меў магчымасць выказацца па найбольш актуальных напрамках міжведамаснага ўзаемадзеяння, акрэсліць шляхі вырашэння праблемных пытанняў, у ліку якіх накладанне арышту на маёмасць, яе ацэнку, прымяненне абмежавальных мер да даўжнікоў, навучанне і падрыхтоўка кадраў.

Падводзячы вынік пасяджэння, Сяргей Хаменка адзначыў: «Судовы выканаўца - гэта адзін з тых сімвалаў, якія выказваюць безумоўнасць выканання рашэння суда, і адзін з рычагоў, якім рэгулюецца дабрабыт нашай краіны. Бо вяртанне тых грашовых сродкаў, якія прадугледжаны ў рамках крымінальных штрафаў, іншых даўгоў у даход дзяржавы, з'яўляюцца ўкладам у скарбонку рэспублікі».

Завяршылася пашыранае пасяджэнне цырымоніяй узнагароджання кіраўнікоў шэрага тэрытарыяльных органаў прымусовага выканання Ганаровымі граматамі і Падзякамі Міністэрства юстыцыі.

У рамках мерапрыемства гасцям і ўсім удзельнікам былі прадэманстраваны эксперыментальныя ўзоры форменнай вопраткі і экіпіроўкі судовых выканаўцаў. Пасля заканчэння нарады праведзена аглядная экскурсія па навучальных аўдыторыях і аб'ектах Цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС.

уверх