26 красавіка - гадавіна трагедыі на Чарнобыльскай АЭС

26 красавіка 2023 года да чарговай гадавіны чарнобыльскай катастрофы ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася фотадакументальная выстава "Чарнобыль: наша памяць і боль", падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.

Роўна 37 гадоў таму адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС. Наступствы самай буйной за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі тэхнагеннай катастрофы спецыялісты ўсяго свету ўстараняюць яшчэ і сёння.

Па выкідзе радыенуклідаў яна раўнацэнная 50 скінутым на Хірасіму атамным бомбам, якія нанеслі жорсткі ўдар па лёсах мільёнаў людзей. Узбунтаваны «мірны атам» чорным крылом радыяцыі накрыў велізарныя тэрыторыі, ператвараючы ў зону запусцення ўрадлівай зямлі, прынёс боль і пакуты людзям, для якіх жыццё падзялілася на дзве часткі: да і пасля аварыі. Радыёактыўнаму забруджванню падвергліся больш за 200 000 квадратных кіламетраў, з іх 70% - на тэрыторыі Украіны, Беларусі і Расіі. 115 000 чалавек былі вымушаны эвакуіравацца з 30-кіламетровай зоны адчужэння ЧАЭС.

Першымі ў ліквідацыі наступстваў прынялі ўдзел работнікі станцыі і пажарныя. На барацьбу з наступствамі выбуху энергаблока адпраўляліся ваенныя, міліцыянеры, шахцёры, урачы і проста неабыякавыя грамадзяне. Асноўная частка работ па ліквідацыі наступстваў аварыі выканана ў 1986-1987 гг. Агульная колькасць "ліквідатараў" (уключаючы наступныя гады) склала больш за 600 000 чалавек.

Наступствы трагедыі – не толькі сацыяльна-эканамічныя, экалагічныя, але і духоўныя – адчуваюцца да гэтага часу. Рэха Чарнобыльскай катастрофы будзе гучаць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Менавіта таму гісторыя гэтай бяды і гісторыя пераадолення яе наступстваў заслугоўваюць таго, каб людзі пра гэта ведалі і памяталі.

26 красавіка Генеральная Асамблея ААН абвясціла Міжнародным днём памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф. У Беларусі 26 красавіка з'яўляецца агульнанацыянальным Днём смутку.

У фондах Нацыянальнага архіва захоўваюцца пастановы, дакладныя запіскі, даведкі, пратаколы пасяджэнняў і рашэнні Урадавай камісіі па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, дакументы аб перасяленні насельніцтва з заражаных тэрыторый, аб стане яго здароўя, аб аказанні міжнароднай дапамогі ў сувязі з аварыяй.

Загадчык аддзела Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Маргарыта Старасценка і кандыдат гістарычных навук, вядучы архівіст Віталь Гарматны пазнаёмілі работнікаў Міністэрства юстыцыі з выставай. Расказалі пра гісторыка-культурныя каштоўнасці і архіўныя матэрыялы, якія апынуліся ў заражаных раёнах.

На занятках па ідэалагічнай падрыхтоўцы прадэманстравана кінахроніка са збораў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, якая закранае тэму Чарнобыльскай аварыі.

Ва ўсіх органах і арганізацыях сістэмы Міністэрства юстыцыі сёння таксама прайшлі мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай трагічнай даты. Ад імя Міністра юстыцыі Сяргея Хаменкі ветэранам і дзеючым работнікам, якія прымалі ўдзел у ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, уручаны памятныя адрасы са словамі падзякі за мужнасць і стойкасць, праяўленыя ў барацьбе з радыяцыйнай стыхіяй.

У ходзе акцыі па бясплатным прававым кансультаванні, прымеркаваным да гадавіны чарнобыльскай трагедыі, у галоўных упраўленнях юстыцыі, органах прымусовага выканання, аддзелах загс, у натарыусаў і адвакатаў грамадзяне і прадстаўнікі юрыдычных асоб змаглі атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавяць.

уверх