Новы будынак абласной натарыяльнай палаты і натарыяльнага архіва адкрылі ў Гродне

25 верасня 2020 года ў Гродне адбылося ўрачыстае адкрыццё новага будынка абласной натарыяльнай палаты і натарыяльнага архіва.
У сучасным будынку размясціліся Гродзенская абласная натарыяльная палата, натарыяльны архіў Гродзенскай  натарыяльнай акругі і натарыяльная кантора № 2 Ленінскага раёна г. Гродна. Камфартабельныя і тэхнічна абсталяваныя памяшканні – гэта неабходныя ўмовы не толькі для прадуктыўнай працы натарыусаў, але і для забеспячэння даступнасці і якасці аказваемых паслуг для насельніцтва.

Цяпер архіўныя дакументы будуць захоўвацца ў памяшканні, абсталяваным па апошнім слове тэхнікі, на мабільных сцелажах, якія абароняць іх ад святла, пылу, вільгаці і іншага ўздзеяння.

На сённяшні дзень архіўны фонд складае больш за 30 тысяч натарыяльных дакументаў з 1948 па 2013 гады. Самыя раннія з іх – дакументы дзяржаўных натарыяльных кантор Ашмянскага і Шчучынскага раёнаў, горада Ліды, Гродзенскай натарыяльнай канторы.

«Гэта значная і доўгачаканая падзея. Адкрыццё новага будынка – гэта стварэнне ўмоў для своечасовага і поўнага рашэння задач, якія стаяць перад натарыятам. 
Натарыят ўжо на працягу шасці гадоў працуе на ўмовах самакіравання і самафінансавання. І адна з праблем, якую трэба было вырашыць пры рэформе, – захоўванне натарыяльных дакументаў. Бо праз многія гады яны таксама могуць прадстаўляць істотную каштоўнасць для грамадзян. Сёння знакавая падзея яшчэ і па той прычыне, што натарыяльныя органы здолелі забяспечыць неабходныя ўмовы для захоўвання за свой уласны кошт» – адзначыў на цырымоніі адкрыцця Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі.

Міністр пажадаў усім натарыусам, якія будуць працаваць у гэтым новым будынку, здароўя і дабрабыту.

уверх