Спецыяльныя фарміраванні катаў: архіўныя сведчанні аб злачыннай дзейнасці нацысцкіх зондэркаманд і айнзацкаманд на тэрыторыі Беларусі ў 1941-1944 гадах
Масавае і сістэмнае знішчэнне насельніцтва Беларусі нацысты распачалі з самых першых дзён акупацыі ў чэрвені 1941 года. Пра гэта пераканаўча сведчаць архіўныя дакументы - у тым ліку трафейныя матэрыялы нямецкіх ваенных падраздзяленняў, паліцэйскіх структур, калабарацыянісцкіх фарміраванняў.
Першапачатковую нацэленасць акупантаў на рэалізацыю знішчальнай палітыкі генацыду неабвержна раскрывае і той факт, што яшчэ да нападу на СССР у Германіі былі створаны спецыяльныя карныя падраздзяленні - айнзацгруппы (аператыўныя групы) Службы бяспекі (СД), якія пакінулі крывавы след у гісторыі ўсіх акупаваных рэспублік Саюза.
13 сакавіка 1941 г. адбылася нарада паміж начальнікам Галоўнага ўпраўлення імперскай бяспекі (РСХА) СС-группенфюрэрам Р.Гейдрыхам і генерал-маёрам Э.Вагнерам. Вынікам гэтых перамоваў і стала рашэнне аб арганізацыі айнзацгруп, якія павінны былі дзейнічаць на акупаваных савецкіх тэрыторыях і выконваць наступныя функцыі:
праводзіць вышуковыя мерапрыемствы, арышты і знішчэнне савецкіх партыйных работнікаў, супрацоўнікаў НКУС, вайсковых палітработнікаў і афіцэраў;
выяўляць і знішчаць варожыя элементы (звычайна, пад гэтае азначэнне падпадалі габрэі, камуністы, цыгане і інш.) і прадухіляць варожую дзейнасць з боку мясцовага насельніцтва;
мэтанакіравана знішчаць яўрэйскае насельніцтва;
весці барацьбу ў тылавых раёнах з усімі праявамі антынямецкай дзейнасці;
праводзіць захоп і ператрус памяшканняў савецкіх партыйных, праваахоўных органаў і штабоў вайсковых часцей;
забяспечваць захаванасць дакументаў, архіваў, картатэк падазроных асоб, арганізацый і груп;
інфармаваць вайсковае камандаванне аб палітычным становішчы на акупаванай тэрыторыі.
Усяго пры асноўных групоўках нямецкай арміі было створана чатыры айнзацгрупы - "А", "Б", "Ц" і "Д". У склад аператыўных груп уваходзілі спецыяльныя падраздзяленні: зондэркаманды (адмысловыя каманды) для дзеянняў у раёнах перадавых частак войска і айнзацкаманды (аператыўныя каманды) – для дзеянняў у вайсковым тыле.
Кожная айнзацгрупа налічвала 600-700 чалавек начальніцкага і радавога складу. Аператыўныя і асобыя каманды налічвалі ад 120 да 170 чалавек (з іх 10-15 афіцэраў, 40-60 унтэр-афіцэраў і 50-80 радавых). Для большай мабільнасці ўсе падраздзяленні айнзацгруп былі забяспечаны легкавымі, грузавымі і спецыяльнымі аўтамабілямі і матацыкламі.
У тылавым раёне групы армій "Цэнтр" і на акупаванай тэрыторыі БССР дзейнічала айнзацгрупа-Б (аператыўная група "Б"). Яе штаб размяшчаўся спачатку ў Беластоку, затым у Мінску і Смаленску, а са жніўня 1943 года - зноў у Мінску. Першым начальнікам групы быў СС-брыгадэфюрэр і генерал-маёр паліцыі Артур Небе. У яе склад уваходзілі дзве зондэркаманды (7а і 7б) і дзве айнзацкаманды (8 і 9). Агульная колькасць айнзацгрупы-Б складала 655 чалавек (штаб групы - 71; зондэркаманда-7а - 93; зондэркаманда-7б - 91; айнзацкоманда-8 - 241; айнзацкоманда-9 - 186). У ліпені 1941 года ў Мінску была ўтворана перадавая каманда "Масква" (пазней - зондэркаманда-7ц). Яе першапачатковая колькасць складала 13 чалавек.
У фондах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь выяўлены комплекс справаздачных дакументаў аб дзейнасці гэтых карных падраздзяленняў - аператыўныя зводкі, якія накіроўваліся ў адрас вышэйшага кіраўніцтва СС у Берліне. У іх зафіксаваны жахлівыя факты масавага тэрору, развязанага нацыстамі на беларускай зямлі. Прывядзем толькі некалькі фрагментаў.
Са зводкі ад 24 ліпеня 1941 года: «Айнзацкаманда-8, якая размяшчаецца ў Баранавічах, асабліва паспяхова ўзаемадзейнічае з мясцовымі ўстановамі вермахта… З прыцягненнем ГФП, абверкаманды і палявой жандармерыі бесперапынна праводзяцца акцыі супраць бальшавіцкіх агентаў, палітычных камісараў, супрацоўнікаў. у Баранавічах ліквідаваны 381 чалавек… У Брэст-Літоўску паліцыя парадку пры падтрымцы мясцовай аператыўнай групы ліквідавала 4435 чал., у тым ліку 40 вялікаросаў і беларусаў… Адкамандзіраваная ў Слонім частка каманды сумесна з паліцыяй парадку правяла буйную акцыю супраць габрэяў падчас якой было арыштавана каля 2000 чал. за камуністычную дзейнасьць. З іх у той жа дзень расстраляна 1075 чал. Толькі адной камандай у Слоніме ліквідавана 84 чал.”.
Са зводкі ад 12 жніўня 1941 г.: «У Ашмянах праведзена буйная акцыя прачэсвання, у якой ліквідавана 527 яўрэяў… Тут [у Віцебску] ліквідавана 332 яўрэі, у тым ліку 5 бальшавіцкіх функцыянераў. 27 габрэяў публічна расстраляныя, бо адмовіліся працаваць... У Копысі ліквідавана 7 функцыянераў».
Са зводкі ад 20 жніўня 1941 г.: «У Пінску габрэі абстралялі паставога гарадской паліцыі. Паблізу ад Пінска з засады быў забіты служачы паліцыі. За гэта расстраляна 4500 габрэяў».
Са зводкі ад 29 жніўня 1941 г.: «У Оршы ліквідаваны 43 яўрэі, якія займаліся распаўсюджваннем ілжывых чутак і падбухторваннем, у тым ліку 2 партыйныя функцыянеры. Адзін з іх з'яўляўся прапагандысцкім кіраўніком у Оршы”.
Са зводкі ад 4 верасня 1941 г.: «Вермахтам у Віцебску перададзена айнзацкамандзе 9397 грамадзянскіх палонных, якія здзяйснялі акты сабатажу і напады на нямецкія войскі. Яны былі ліквідаваныя».
Са зводкі не раней 31 снежня 1941 г.: «Партызаны, якія з'явіліся каля Гомеля, атрымлівалі разнастайную падтрымку з боку габрэяў, што вымусіла правесці зондэракцыю супраць габрэяў, у выніку якой знішчана 2365 чалавек».
Толькі за кастрычнік 1941 года айнзацгрупай-Б было знішчана 37180 чалавек, а да 14 лістапада гэтая страшная лічба вырасла да 45 тысяч. Па падліках даследчыкаў, за ўвесь час існавання дадзеным карным падраздзяленнем было знішчана больш за 134 тысячы мірных грамадзян.
Выяўленыя архіўныя матэрыялы - справаздачныя данясенні катаў - неабвержныя дакументальныя сведчанні старанна спланаванай і мэтанакіраванай нацысцкай палітыкі генацыду супраць насельніцтва Беларусі ў перыяд 1941-1944 гадоў.
