У Міністэрстве юстыцыі адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лепшых нарматворчых органаў

4 чэрвеня 2021 г. Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі ўручыў дыпломы і пахвальныя водгукі пераможцам і ўдзельнікам конкурсу сярод нарматворчых органаў і супрацоўнікаў, якія ажыццяўляюць абавязковую юрыдычную экспертызу нарматыўных прававых актаў.

Міністр юстыцыі адзначыў важнасць і значнасць праведзенага конкурсу. «Без якаснай і ўсебаковай прапрацоўкі палажэнняў нарматыўных прававых актаў немагчыма эфектыўная рэалізацыя прававой палітыкі дзяржавы. Многія ўстановы вышэйшай адукацыі рыхтуюць спецыялістаў у юрыдычнай сферы, але ні адно не ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў у сферы нарматворчасці. Неабходныя веды і навыкі набываюцца непасрэдна ў працэсе ажыццяўлення адпаведнай дзейнасці, з падтрымкай старэйшых, больш вопытных калег.

Сістэмай Міністэрства юстыцыі ажыццяўляецца юрыдычная экспертыза нарматыўных актаў каля 300 нарматворчых органаў рознага ўзроўню, у ходзе якой бачна якасць падрыхтаваных актаў і стаўленне спецыялістаў да сваёй справы.

Таму не выпадкова ініцыятарам правядзення конкурсу сярод нарматворчых органаў і супрацоўнікаў, якія ажыццяўляюць абавязковую юрыдычную экспертызу нарматыўных прававых актаў, тры гады таму стала менавіта Міністэрства юстыцыі»,  – падкрэсліў Алег Сліжэўскі.

«Конкурс стымулюе прафесійнае развіццё спецыялістаў-нарматворцаў, рост якасці нарматворчай дзейнасці, а таксама з'яўляецца прыемнай і ў той жа час значнай ацэнкай дасягнутых вынікаў» – адзначыў у заключэнні Міністр юстыцыі.

Ва ўрачыстым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі ўзнагароджаных рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, у прыватнасці Міністр энергетыкі Каранкевіч Віктар Міхайлавіч, Першы намеснік Міністра фінансаў Кійко Дзмітрый Мікалаевіч, Першы намеснік Міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Пірштук Баляслаў Казіміравіч, намеснік Міністра па падатках і зборах Скрыннікаў Ігар Віктаравіч , а таксама мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, у тым ліку кіраўнік спраў Гомельскага аблвыканкама Клічкоўская Алена Уладзіміраўна, кіраўнік спраў Івацэвіцкага райвыканкама Краўчук Ірына Віктараўна, кіраўнік спраў Слуцкага райвыканкама Пятровіч Ірына Уладзіміраўна, а таксама прадстаўнікі галоўных упраўленняў юстыцыі аблвыканкамаў, кіраўнікі і спецыялісты юрыдычных службаў рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў.

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу завяршылася канцэртнай праграмай навучэнцаў установы адукацыі «Юрыдычны каледж Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта».

Віншуем пераможцаў!

уверх