Міжнароднае супрацоўніцтва

У адпаведнасці з Палажэннем аб Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь, зацверджаным пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 26 ліпеня 2024 г. № 545, Міністэрства юстыцыі прадстаўляе ў межах кампетэнцыі інтарэсы Рэспублікі Беларусь на міжнародным узроўні, устанаўлівае і развівае сувязі з органамі юстыцыі іншых дзяржаў, міжнароднымі арганізацыямі і міждзяржаўнымі ўтварэннямі, арганізуе распрацоўку праектаў міжнародных дагавораў аб прававой дапамозе, забяспечвае іх выкананне, аналізуе і абагульняе вопыт гэтай работы.

У структуры Міністэрства гэтыя функцыі выконвае ўпраўленне міжнароднага супрацоўніцтва.

Упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва было створана 1 ліпеня 1992 года. З 1992 года Міністэрства юстыцыі стала фарміраваць дагаворна-прававую базу супрацоўніцтва Беларусі з замежнымі дзяржавамі ў прававой сферы, ствараць механізмы абароны інтарэсаў грамадзян і арганізацый за мяжой.

На падставе міжнародных дагавораў аб прававой дапамозе нашы грамадзяне і арганізацыі атрымліваюць права на роўных звяртацца ва ўстановы юстыцыі іншых дзяржаў, прад’яўляць іскі, узбуджаць хадайніцтвы, ажыццяўляць іншыя працэсуальныя дзеянні, таму такія дагаворы вельмі важныя. Яны стымулююць развіццё адносін і на ўзроўні грамадзян, і на ўзроўні суб’ектаў знешнеэканамічнай дзейнасці, што мае вялікае значэнне для такой арыентаванай на экспарт дзяржавы, як наша.

У цяперашні час для Рэспублікі Беларусь уступіла ў сілу больш за 100 міжнародных дагавораў у прававой сферы. Пры гэтым геаграфія двухбаковых міждзяржаўных дагавораў аб узаемнай прававой дапамозе па грамадзянскіх, крымінальных справах і аб выдачы, супрацоўніцтве ў прававой сферы ахоплівае такія краіны, як ААЭ, Балгарыя, Венгрыя, В’етнам, Індыя, Іран, Казахстан, Катар, Кітай, Куба, Латвія, Літва, Пакістан, Польшча, Расія, Сербія, Сірыя, Славакія, Узбекістан, Чэхія, Шры-Ланка.

У адносінах да большасці дагавораў і канвенцый у прававой сферы Міністэрства юстыцыі вызначана ў якасці цэнтральнага органа, які ажыццяўляе каардынацыю выканання адпаведных міжнародных абавязацельстваў. У мэтах належнага правядзення гэтай работы ўзнікла неабходнасць фарміравання аддзела выканання міжнародных дагавораў, які быў створаны 1 кастрычніка 1997 года.

У 2022 годзе аддзел быў трансфармаваны ў сектар выканання міжнародных дагавораў упраўлення міжнароднага супрацоўніцтва. Сектар ажыццяўляе арганізацыю выканання просьбаў замежных устаноў юстыцыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, разглядае і накіроўвае просьбы беларускіх устаноў юстыцыі на выкананне ў замежныя дзяржавы. З пашырэннем супрацоўніцтва паміж дзяржавамі ў гэтай галіне ўзрастае аб’ём прававой дапамогі і, адпаведна, колькасць просьбаў, якія паступаюць у сектар.

Акрамя работы па заключэнні дагавораў у прававой сферы, забеспячэння іх выканання, значным напрамкам работы ўпраўлення з’яўляецца прадастаўленне паводле Закону Рэспублікі Беларусь ад 23 ліпеня 2008 г. № 421-З «О международных договорах Республики Беларусь» заключэнняў аб адпаведнасці ўсіх міжнародных дагавораў, якія заключаюцца Рэспублікай Беларусь, нацыянальнаму заканадаўству, а таксама ўзгадненне актаў аб правядзенні перагавораў і падпісанні міжнародных дагавораў, актаў аб выказванні згоды Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе заключаных міжнародных дагавораў.

Указаныя функцыянальныя паўнамоцтвы ўскладзены на міжнародна-прававы аддзел, які акрамя дадзеных задач прымае ўдзел у прававым забеспячэнні інтэграцыйных працэсаў у Еўразійскім эканамічным саюзе, Саюзнай дзяржаве, Садружнасці Незалежных Дзяржаў, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва.

У сферы развіцця еўразійскай інтэграцыі ў 2011-2014 гадах забяспечвалася каардынацыя дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання па падрыхтоўцы праекта Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, які быў падпісаны 29 мая 2014 года. Міністэрства рыхтуе заключэнні аб адпаведнасці праектаў актаў органаў ЕАЭС Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і іншаму заканадаўству.

Міністэрства каардынуе дзейнасць беларускай часткі Зводнай рабочай групы па ўдасканаленню палажэнняў вышэйназванага Дагавора. Па выніках дзейнасці дадзенай працоўнай групы ў 2023-2025 гадах распрацаваны і 27 чэрвеня 2025 г. Вышэйшай Еўразійскай эканамічнай радай падпісаны «IV Вялікі» Пратакол аб унясенні змяненняў у Дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе. 23 снежня 2025 г. прыняты Закон Рэспублікі Беларусь № 117-З «О ратификации Протокола о внесении изменений в Договор о Евразийском экономическом союзе от 29 мая 2014 года», якім аформлена згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе гэтага Пратакола. Цяпер вядзецца работа па падрыхтоўцы «V Вялікага» Пратакола.

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь падтрымлівае канструктыўныя адносіны з Судом ЕАЭС: сістэматычна праводзяцца сустрэчы кіраўніцтва Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Суда Саюза. У 2026 годзе беларускі бок прыняў удзел у рабоце Еўразійскага эканамічнага форуму ў г. Астане (Рэспубліка Казахстан). У прыватнасці, першы намеснік Міністра юстыцыі Н.М.Філіпава выступіла спікерам на профільнай панэльнай сесіі, прысвечанай магчымасцям і выклікам выкарыстання права Еўразійскага эканамічнага саюза ва ўмовах лічбавай трансфармацыі. Арганізатарамі гэтай сесіі выступілі Суд Еўразійскага эканамічнага саюза сумесна з Еўразійскай эканамічнай камісіяй.

Удзельнікі сесіі «Права ЕАЭС і дзейнасць Суда Саюза ва ўмовах лічбавай трансфармацыі: патэнцыял развіцця»

(28 мая 2026 г., г. Астана, Рэспубліка Казахстан)

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з'яўляецца ініцыятыўным удзельнікам на пляцоўцы Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

12 сакавіка 2026 г. у анлайн і афлайн-фармаце адбыўся Міжнародны круглы стол «Аб ролі міністэрстваў юстыцыі ў фарміраванні і рэалізацыі прававой палітыкі дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў», прапанова аб правядзенні якой была ўнесена беларускім бокам.

У рабоце круглага стала прынялі ўдзел больш за 40 прадстаўнікоў сістэм юстыцыі дзяржаў – удзельніц СНД, органаў Садружнасці. Бакі падзяліліся важнай інфармацыяй аб арганізацыі і вопыце практычнай работы органаў і ўстаноў юстыцыі ў фарміраванні і рэалізацыі канцэпцый дзяржаўнай прававой палітыкі, у тым ліку аб правядзенні прававых рэформ у дзяржавах – удзельніцах СНД, цыфравізацыі працэсаў нарматворчасці і прадастаўленні паслуг грамадзянам.

Міжнародны круглы стол «Аб ролі міністэрстваў юстыцыі ў фарміраванні і рэалізацыі прававой палітыкі дзяржаў – удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў»

(12 сакавіка 2026 г., г. Мінск, Рэспубліка Беларусь)

13 мая 2026 г. Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Я.І.Каваленка прыняў удзел у Міжнародна-прававым форуме Садружнасці Незалежных Дзяржаў, прымеркаваным да 35-годдзя гэтай міжнароднай арганізацыі. Міністр юстыцыі адзначыў асноўныя дасягненні і прыярытэты дзейнасці Савета міністраў юстыцыі дзяржаў – удзельніц СНД, уключаючы фарміраванне і развіццё дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва, стварэнне базавых арганізацый у сферы натарыята і адвакатуры, ініцыяванне аб'яўлення 2027 года ў Садружнасці Годам прававой асветы, цыфрызацыю міждзяржаўнага ўзаемадзеяння ў сферы юстыцыі.

Міжнародна-прававы форум Садружнасці Незалежных Дзяржаў

(13 мая 2026 г., г. Мінск, Рэспубліка Беларусь)

Стратэгічныя задачы Міністэрства юстыцыі ў рамках дзейнасці Саюзнай дзяржавы вызначаюцца Асноўнымі напрамкамі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

Першыя вынікі выканання Асноўных напрамкаў на 2024 – 2026 гады былі падведзены на 19-ым пасяджэнні Аб’яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі дзяржаў-удзельніц Саюзнай дзяржавы 18 снежня 2024 г. Узгоднена аналітычная даведка, якая змяшчае прапановы па гарманізацыі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі аб прымусовым выкананні, у тым ліку па ўніфікацыі падыходаў па звароце спагнання
на маёмасць даўжнікоў – юрыдычных асоб.

У рамках выканання Асноўных напрамкаў 18 снежня 2024 г. падпісана Пагадненне аб парадку ўзаемнага выканання судовых пастаноў судоў Рэспублікі Беларусь і судоў Расійскай Федэрацыі. З 22 красавіка
2026 г. Пагадненне прымяняецца да судовых пастаноў, вынесеных па грамадзянскіх справах, па крымінальных справах у частцы грамадзянскага іску, якія прадугледжваюць абавязацельствы даўжніка па выплаце на карысць спагнанніка грашовых сродкаў, па спагнанню дзяржаўнай пошліны і па спагнанні іншых судовых расходаў і працэсуальных выдаткаў.

Вынікі выканання Асноўных напрамкаў былі падведзены 13 лістапада 2025 г. у рамках пасяджэння Аб’яднанай калегіі міністэрстваў юстыцыі дзяржаў – удзельніц Саюзнай дзяржавы.

У 2025 годзе у выкананне Асноўных напрамкаў міністэрствамі юстыцыі Беларусі і Расіі сумесна з іншымі кампетэнтнымі органамі ажыццёўлена падрыхтоўка даклада з прапановамі па аказанні прававой дапамогі па грамадзянскіх, гаспадарчых (эканамічных) справах у электроннай форме. З улікам актуальнасці пытання работа па гэтым напрамку будзе працягнута ў 2026 годзе.

У 2025 годзе сумесна з расійскімі калегамі падрыхтован даклад па выніках аналізу правапрымяняльнай практыкі рэалізацыі палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, іншых міжнародных дагавораў паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй у частцы забеспячэння правоў грамадзян дзвюх краін. Работа над дакладам вялася ў мэтах выканання пункта 2 Дырэктывы Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы ад 5 лістапада 2024 г. № 1 «О некоторых вопросах правоприменительной практики реализации положений Договора о создании Союзного государства, в части обеспечения прав граждан Республики Беларусь и Российской Федерации».

25-26 чэрвеня 2026 г. у Мінску і Мінскай вобласці прайшоў XIII Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі «Эканамічнае ўзаемадзеянне рэгіёнаў – аснова ўстойлівага развіцця Беларусі і Расіі». За гады правядзення Форум набыў статус унікальнай пляцоўкі для дыялогу паміж прадстаўнікамі органаў улады і бізнес-супольнасцей Беларусі і Расіі. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Савет Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі.

У рабоце секцыі № 1 Форума, прысвечанай пытанням прававога забеспячэння харчовай бяспекі Саюзнай дзяржавы, прыняла ўдзел першы намеснік Міністра юстыцыі Н.М.Філіпава. У рамках выступлення прадстаўлена інфармацыя аб механізмах удзелу Міністэрства юстыцыі ў забеспячэнні бяспекі Саюзнай дзяржавы, у тым ліку праз разгляд (узгадненне, візіраванне, правядзенне абавязковай юрыдычнай экспертызы) і падрыхтоўку праектаў нарматыўных прававых актаў, накіраваных на рэалізацыю палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы і іншых міжнародных інструментаў Саюзнай дзяржавы.

Удзельнікі секцыі № 1 XIII Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ««Эканамічнае ўзаемадзеянне рэгіёнаўаснова ўстойлівага развіцця Беларусі і Расіі» 

(25 чэрвеня 2026 г., г. Мінск, Рэспубліка Беларусь)

У мэтах пашырэння дагаворна-прававой базы, яе ўдасканалення актыўна развіваецца двухбаковае супрацоўніцтва з міністэрствамі юстыцыі іншых дзяржаў, іншымі органамі па прававых пытаннях, прымаецца ўдзел у мерапрыемствах міжнароднай накіраванасці.

2 красавіка 2026 г. у рамках візіту Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Я.І.Каваленкі ў Расійскую Федэрацыю падпісана Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй аб асобных пытаннях выканання выканаўчых дакументаў, па якіх спагнаннікамі з'яўляюцца дзяржаўныя органы і бюджэтныя арганізацыі Рэспублікі Беларусь. Пагадненне дае права дзяржаўным органам і бюджэтным арганізацыям Рэспублікі Беларусь прад'яўляць да выканання ў Расійскай Федэрацыі выканаўчыя дакументы без неабходнасці адкрыцця рахунку у расійскай крэдытнай арганізацыі.

Сустрэча міністраў юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі (2 красавіка 2026 г., г. Масква, Расійская Федэрацыя)

Таксама ў рамках гэтага візіту праведзена сустрэча з Генеральным пракурорам Расійскай Федэрацыі А.У.Гуцанам, у рамках якой падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве ў мэтах паглыблення міжведамаснага супрацоўніцтва паміж Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Генеральнай пракуратурай Расійскай Федэрацыі. Мемарандум накіраваны на дасягненне практычных вынікаў у абароне правоў грамадзян і інтарэсаў дзяржаў у міждзяржаўных органах, нацыянальных і міжнародных (міждзяржаўных) судах, нацыянальных і міжнародных трацейскіх судах (арбітражах).

Цырымонія падпісання Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Генеральнай пракуратурай Расійскай Федэрацыі

(3 красавіка 2026 г., г. Масква, Расійская Федэрацыя)

У працяг развіцця супрацоўніцтва з прававымі ведамствамі Расійскай Федэрацыі 24 чэрвеня 2026 г. падпісаны Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнай службай судовых прыставаў (Расійская Федэрацыя). Мемарандум накіраваны на вызначэнне парадку ўзаемадзеяння па асобных напрамках дзейнасці, у прыватнасці, замацоўваецца магчымасць абмену вопытам па пытаннях прававога рэгулявання выканання судовых актаў і іншых выканаўчых дакументаў, укаранення сучасных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у дзейнасць органаў прымусовага выканання, арганізацыі дзейнасці па прымусовым выкананні судовых актаў.

Цырымонія падпісання Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Федэральнай службай судовых прыставаў (Расійская Федэрацыя)

(24 чэрвеня 2026 г., г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя)

У 2026 годзе Міністэрства юстыцыі працягнула работу па рэалізацыі праграм супрацоўніцтва, падпісаных з замежнымі прававымі ведамствамі.

У выкананне Праграмы супрацоўніцтва міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Кыргызстана 3 красавіка 2026 г. адбылася анлайн-сустрэча прадстаўнікоў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі Кыргызскай Рэспублікі для абмену вопытам па пытанні развіцця інстытута медыяцыі, яго папулярызацыі і эфектыўнасці. У ходзе мерапрыемства Бакі прэзентавалі інфармацыю аб заканадаўчым рэгуляванні пытанняў ажыццяўлення медыяцыі, ролі міністэрстваў юстыцыі ў гэтай галіне, абмеркавалі кваліфікацыйныя патрабаванні да медыятараў і парадак атрымання такога статусу. Актыўная дыскусія ўдзельнікаў сустрэчы тычылася навэл у прававым рэгуляванні дадзенай сферы праваадносін.

Анлайн-сустрэча экспертаў міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Кыргызстана для абмену вопытам па пытаннях медыяцыі

(3 красавіка 2026 г.)

У рамках праграмы супрацоўніцтва з Міністэрствам юстыцыі Расійскай Федэрацыі праведзена сустрэча прадстаўнікоў міністэрстваў юстыцыі Беларусі і Расіі для абмену вопытам па пытаннях сямейнага права. У ходзе мерапрыемства ўдзельнікі абмяняліся вопытам у сферы прымянення сямейнага заканадаўства, удзяліўшы асноўную ўвагу пытанням умацавання інстытута сям'і і захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцей.

Сустрэча экспертаў міністэрстваў юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі для абмену вопытам па пытаннях сямейнага права

(29 мая 2026 г., г. Мінск, Рэспубліка Беларусь)

Значным мерапрыемствам у рамках рэалізацыі Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам юстыцыі Расійскай Федэрацыі на 2025-2026 гады стаў удзел беларускай дэлегацыі ў мерапрыемствах XIV Пецярбургскага міжнароднага юрыдычнага форуму 24-26 чэрвеня 2026 г.

Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Я.І.Каваленка выступіў у якасці спікера на секцыі Форума «Заканатворчасць і нацыянальныя прававыя традыцыі», на нарадзе міністраў юстыцыі пад старшынствам Міністра юстыцыі Расійскай Федэрацыі К.А.Чуйчанкі, у рамках круглага стала «35 гадоў Садружнасці Незалежных Дзяржаў».

Нарада міністраў юстыцыі пад старшынствам Міністра юстыцыі Расійскай Федэрацыі К.А.Чуйчанка ў рамках XIV Пецярбургскага міжнароднага юрыдычнага форуму

(25 чэрвеня 2026 г., г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя)

Таксама на пляцоўцы Форума была арганізавана работа інфармацыйнага павільёна, прысвечанага ключавым аспектам прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь і дзейнасці Міністэрства юстыцыі. У павільёне былі прадстаўлены напрацоўкі і досвед Міністэрства, у прыватнасці, па пытаннях стварэння і ліквідацыі бізнэсу, нарматворчасці, прымусовага выканання, ажыццяўлення адвакацкай, натарыяльнай і рыэлтарскай дзейнасці.

Інфармацыйны павільён Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь на пляцоўцы XIV Пецярбургскага міжнароднага юрыдычнага форума

(24-26 чэрвеня 2026 г., г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя)

Акрамя рэалізацыі падпісаных праграм супрацоўніцтва Міністэрства юстыцыі накіравана на далейшае пашырэнне геаграфіі ўзаемадзеяння і ўмацаванне ўжо існуючых двухбаковых сувязей.

У рамках развіцця міжведамаснага дыялога з казахстанскім бокам 9 мая 2026 г. у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Казахстан адбылася двухбаковая сустрэча першага намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Н.М.Філіпавай і Віцэ-міністра юстыцыі Рэспублікі Казахстан Б.Ш.Жакселякавай. Асаблівая ўвага была ўдзелена перспектыўным крокам па ўдасканаленні супрацоўніцтва. Бакі абмяняліся думкамі аб тым, як павысіць эфектыўнасць узаемадзеяння ў сферы нарматворчай дзейнасці, паскорыць працэс лічбавай трансфармацыі. Былі намечаны канкрэтныя механізмы аптымізацыі рабочых працэсаў на ўзроўні профільных структурных падраздзяленняў.

Сустрэча першага намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Н.М.Філіпавай і Віцэ-міністра юстыцыі Рэспублікі Казахстан Б.Ш.Жакселяковай (29 мая 2026 г., г. Астана, Рэспубліка Казахстан)

У развіццё дамоўленасцей, дасягнутых на гэтай сустрэчы, міністрамі юстыцыі Беларусі і Казахстана 24 чэрвеня 2026 г. падпісана міжведамасная Праграма супрацоўніцтва на 2026 – 2027 гады.

Цырымонія падпісання Праграмы супрацоўніцтва паміж Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Казахстан на 20262027 гады

(24 чэрвеня 2026 г., г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя)

Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ажыццяўляе актыўнае ўзаемадзеянне з рознымі міжнароднымі арганізацыямі.

Упраўленне міжнароднага супрацоўніцтва з’яўляецца сакратарыятам Камісіі па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь (далей – Камісія).

У 2025 годзе падчас работы па рэвізіі заканадаўства падрыхтаваны кансалідаваны акт па пытаннях дзейнасці Камісіі: прынята пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 18 верасня 2025 г. № 513, якой зацверджана Палажэнне аб Камісіі, вызначаны яе склад.

22 снежня 2025 г. на базе ўстановы адукацыі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі «Міжнародны ўніверсітэт «МІТСО» адбылося выніковае пасяджэнне Камісіі. У пасяджэнні прынялі ўдзел прадстаўнікі дзяржаўных органаў, арганізацый і ўстаноў адукацыі. Членамі Камісіі і запрошанымі прадстаўлена інфармацыя аб праведзенай за год рабоце па сферах дзейнасці, планах і прапанаваных ініцыятывах на 2026 год.

Пасяджэнне Камісіі па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь

(22 снежня 2025 г., г. Мінск, Рэспубліка Беларусь)

25 сакавіка 2026 г. адбылася рабочая сустрэча Міністра юстыцыі Рэспубліцы Беларусь Я.І.Каваленкі з Кіраўніком Рэгіянальнай дэлегацыі Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь Р.Машлаб. У ходзе мерапрыемства бакі абмеркавалі вынікі ўзаемадзеяння МКЧК з Міністэрствам юстыцыі за 2025 год і вызначылі актуальныя напрамкі ўзаемадзеяння на 2026 год. У прыватнасці, кіраўнік прававога ведамства і прадстаўнікі МКЧК узгаднілі далейшыя напрамкі сумеснай работы Камісіі і МКЧК па распаўсюджванню ведаў у сферы міжнароднага гуманітарнага права.

У працяг сустрэчы 18-19 мая 2026 г. Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Рэгіянальнай Дэлегацыяй Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь праведзены Семінар для членаў Камісіі. У рамках семінара прадстаўнікі МКЧК і дзяржаўных органаў абмеркавалі сучасныя выклікі міжнароднага гуманітарнага права і парадак рэагавання на іх, а таксама пытанні імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права ў нацыянальныя прававыя сістэмы.

Актывізавана супрацоўніцтва з Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь.

4 сакавіка 2026 г. адбылася рабочая сустрэча першага намесніка Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Н.М.Філіпавай з прадстаўніком Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Р.Хайдаравым.

У рамках рэалізацыі дамоўленасцей, дасягнутых на гэтай сустрэчы, 1 чэрвеня 2026 г. у Міжнародны дзень абароны дзяцей праведзена сумеснае мерапрыемства па пытаннях удзелу дзяцей у прававым інфармаванні. Мерапрыемства стала пляцоўкай для абмеркавання практычных падыходаў да прававога інфармавання непаўналетніх з улікам меркавання саміх падлеткаў. У рамках мерапрыемства прадстаўлены ініцыятывы, распрацаваныя падлеткамі з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама арганізавана экспертная дыскусія з удзелам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, сістэмы ААН і прафесійнай юрыдычнай супольнасці.

Удзельнікі мерапрыемства «Праектуем будучыню: прэзентацыі падлеткавых рашэнняў у галіне прававой асветы» (1 чэрвеня 2026 г., г. Мінск, Рэспубліка Беларусь)»