Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі прыняў удзел ў 33-й Міжнароднай канферэнцыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца

9-12 снежня 2019 года ў г. Жэневе праходзіла 33-я Міжнародная канферэнцыя Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Канферэнцыя з'яўляецца самым вялікім форумам у сферы міжнароднага гуманітарнага права i праводзiцца раз у чатыры гады.

У рабоце Канферэнцыі прыняў удзел Аляксандр Басалыга, намеснік начальніка ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва, сакратар Камісіі па імплементацыі міжнароднага гуманітарнага права пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. У якасці запрошанага эксперта прадстаўнік Міністэрства юстыцыі выступіў на секцыі Канферэнцыі, прысвечанай выкананню міжнароднага гуманітарнага права (МГП). Калегам з розных краін быў прадстаўлен вопыт беларускай Камісіі па імплементацыі МГП.

У межах мерапрыемстваў Канферэнцыі была арганізавана сустрэча беларускай дэлегацыі на чале з Алегам Краўчанка, намеснікам Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь, з Прэзідэнтам Міжнароднага Камітэта Чырвонага Крыжа (МКЧК) Петэрам Маўрэрам. Асноўная ўвага ў ходзе сустрэчы была ўдзелена абмеркаванню кірункаў далейшага супрацоўніцтва Беларусі і МКЧК. Бакі таксама абмяняліся думкамі аб выніковасці выканання двухбаковых дамоўленасцей. Удзельнікі сустрэчы, у прыватнасці, адзначылі паспяховае правядзенне ў лістападзе ў г. Мінску Сёмага рэгіянальнага семінара па імплементацыі МГП, арганізатарам якога з беларускага боку выступала Міністэрства юстыцыі.

Фото 1-1.jpg

Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі прыняў удзел у прэзентацыі для ўдзельнікаў Канферэнцыі кнігі Уладзіміра Ліхадзедава «Місія міласэрнасці». Кніга была выдадзена ў маі 2019 года ў г. Мінску пры падтрымцы Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) і Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Аўтарам сабраны ўнікальны візуальны матэрыял аб дзейнасці Міжнароднага руху Чырвонага Крыжа на тэрыторыі Беларусі ў перыяд з канца XIX стагоддзя да 1939 года, які ўвайшоў у выданне. У прэзентацыі таксама прынялі ўдзел Пастаянны прадстаўнік Рэспублікі Беларусь пры Аддзяленні ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе Юрый Амбразевіч, Генеральны сакратар БТЧК Вольга Мычко, начальнік аддзела бібліятэк і публічных архіваў упраўлення архіваў і інфармацыі МКЧК Гай Аляксандр Томас.

Фото 2-2.jpg

уверх