Міністэрствам юстыцыі па выніках разгляду зваротаў пакупнікоў кватэры прыняты меры рэагавання да работнікаў ТАА «Твая сталіца»

29 ліпеня 2020 г. прынята рашэнне аб прыпыненні дзеяння ідэнтыфікацыйнай пластыкавай карткі агента па аперацыях з нерухомай маёмасцю ТАА «Твая сталіца» Берташ Т.М. тэрмінам на 2 гады ў сувязі з парушэннем правіл прафесійнай этыкі спецыяліста па рыэлтарскай дзейнасці. У перыяд прыпынення дзеяння карткі Берташ Т.М. аказваць рыэлтарскія паслугі не мае права.

Падставай да разгляду матэрыялаў у дачыненні ТАА «Твая сталіца» з'явiліся звароты пакупнікоў кватэры аб прымусе іх да заключэння дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг.

Так, паміж ТАА «Твая сталіца» і ўласнікам кватэры быў заключаны дагавор, у рамках якога рыэлтарская арганізацыя была абавязана, у тым ліку арганізаваць рэкламную кампанію кватэры для пошуку пакупнікоў і агляд гэтага аб'екта імі, ажыццяўляць папярэднюю работу з пакупнікамі, аказваць прадаўцу дапамогу ў вядзенні перагавораў, пры падборы варыянта здзелкі куплі-продажу аб'екта арганізаваць падпісанне дагавора аб намеры заключэння здзелкі, аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы дакументаў, звязаных з учыненнем здзелкі.

У пакупнікоў, якія жадалi набыць гэту кватэру, не было абавязку таксама карыстацца паслугамі рыэлтарскай арганізацыі і заключаць дагавор з ёю. Аб правах пакупнiкоў Міністэрства юстыцыі раней растлумачвала неаднаразова.

Аднак, калі пакупнікі ад паслуг арганізацыі вырашылі адмовіцца, агент паведаміла, што пры такіх абставінах сустрэчу з прадаўцом яна адмяняе, на пакупку кватэры маюцца іншыя кліенты. На просьбу паведаміць нарматыўны прававы акт, у якім прапісаны абавязак пакупніка карыстацца паслугай рыэлтарскай арганізацыі, Берташ Т.М. тлумачэнні даць не змагла, спаслаўшыся толькі на парадак аплаты паслуг як прадаўцом, так і пакупніком, які склаўся ў практыцы.

Дзеянні агента з'яўляюцца неправамернымі і парушаюць інтарэсы як пакупніка, так і прадаўца. Пакупнік вымушаны ісці на прадстаўленыя яму ўмовы, каб набыць аб'ект, які спадабаўся. Прадаўцу ж паслугі па продажу аб'екта будуць аказаны, толькі калі знойдзецца пакупнік, які згадзіўся таксама карыстацца паслугамі рыэлтара.

Дагавор з ТАА «Твая сталіца» пакупнікі вымушаны былі падпісаць, аднак пасля ўзнікла спрэчка па аплаце паслуг, уключаных у прадмет дагавора.

Кропку ў гэтай спрэчцы паставіў суд, пацвердзіўшы сваім рашэннем незаконнасць дзеянняў рыэлтарскай арганізацыі. Да прыкладу, сярод іншых у заключаны з пакупнікамі дагавор былі ўключаны і прад'яўлены да аплаты паслугі агента па арганізацыі аглядаў кватэры. Аднак пакупнікі глядзелі кватэру да падпісання імі дагавора з ТАА «Твая сталіца». Пры гэтым паказ кватэры ажыццяўляўся ў рамках дагавора, заключанага рыэлтарскай арганізацыяй з прадаўцом, які і з'яўляўся заказчыкам гэтых паслуг. Таму паслугі па аглядзе кватэры не маглі быць уключаны ў кошт аказаных паслуг па дагавору з пакупнікамі.

Таксама суд адзначыў неправамернасць дзеянняў арганізацыі па прад'яўленні пакупнікам да аплаты кошту паслугі па аказанні дапамогі ў падрыхтоўцы дакументаў, звязаных з ажыццяўленнем здзелкі з аб'ектам нерухомай маёмасці. Гэтая паслуга была заказана прадаўцом, ім жа і аплачана.

Міністэрства юстыцыі звяртае ўвагу: ліцэнзійным патрабаваннем і ўмовай, якая прад'яўляецца да ліцэнзіята пры аказанні рыэлтарскіх паслуг, з'яўляецца забеспячэнне прытрымлівання правіл прафесійнай этыкі спецыяліста па рыэлтарскай дзейнасці.

ТАА «Твая сталіца» гэтыя патрабаванні выкананы не былі, што прывяло да вынясення названай арганізацыі прадпісання аб ліквідацыі выяўленых парушэнняў.

Работнікі рыэлтарскіх арганізацый павінны памятаць: пры наяўнасці дагавора на аказанне паслуг прадаўцу па садзейнічанні ў продажы аб'екта растлумачэнні аб тым, што аб'ект не будзе прададзены або не будзе правярацца, калі дагавор на аказанне паслуг не заключыць і пакупнік гэтага аб'екта, неправамерныя.

Так, прадавец заказвае паслугі па продажы аб'екта і мае права разлічваць на тое, што свае абавязкі рыэлтарская арганізацыя выканае. Пры гэтым нельга забываць і аб якасці аказання паслуг: прымаючы на сябе абавязкі па продажы аб'екта, рыэлтарская арганізацыя тым самым прымае на сябе і адказнасць за здзелку, якая ўчыняецца.

На гэтыя абставіны паказаў і суд у рамках разгляду спрэчкі, падкрэсліўшы, што згодна правілам ажыццяўлення рыэлтарскай дзейнасці рыэлтарская арганізацыя абавязана перашкаджаць пасведчанню і дзяржаўнай рэгістрацыі здзелкі, якая можа быць прызнана несапраўднай па падставах, прадугледжаных заканадаўствам.

Таму вывучэнне і праверка інфармацыі аб аб'екце, які прадаецца, з'яўляецца абавязкам рыэлтара, прычым незалежна ад таго, хто хоча набыць дадзены аб'ект: пакупнік, які заключыў з рыэлтарскай арганізацыяй дагавор або не.
уверх