Адбыліся беларуска-аманскія кансультацыі аб супрацоўніцтве ў сферы архіўнай справы і справаводства

Дэлегацыя Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у складзе дырэктара Дэпартамента В.І.Кураша і дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы А.Я.Рыбакова ў перыяд з 10 па 13 снежня 2018 г. (г. Маскат, Султанат Аман) прыняла ўдзел у беларуска-аманскіх кансультацыях аб супрацоўніцтве ў сферы архіўнай справы і справаводства.

У рамках Праграмы візіту члены беларускай дэлегацыі 11 снежня 2018 г. наведалі Нацыянальнае ўпраўленне дакументацыі і архіваў Султаната Аман, дзе азнаёміліся з асноўнымі напрамкамі дзейнасці гэтай ўрадавай установы і працай усіх яго падраздзяленняў. У ходзе афіцыйнай сустрэчы дырэктара Дэпартамента В.І. Кураша са старшынёй Нацыянальнага ўпраўлення Хамадам бін Махамедам аль-Давайяні былі абмеркаваны пытанні магчымага двухбаковага супрацоўніцтва беларускіх і аманскіх архівістаў. Беларускім бокам для разгляду былі ўнесены прапановы па арганізацыі сумесных выстаў архіўных дакументаў, удзелу архівістаў дзвюх краін у арганiзуемых iмi канферэнцыях, семінарах, сімпозіўмах, арганізацыі стажыровак аманскіх архівістаў у беларускіх архівах і іншых дзяржаўных архіўных установах і беларускіх архівістаў у архіўных установах Султаната Аман, абмену навукова-метадычнай літаратурай па пытаннях архіўнай справы і справаводства, арганізацыі навучальных курсаў для аманскіх архівістаў (магчыма на базе гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта). Аманскія калегі з цікавасцю аднесліся да прапаноў беларускага боку, прапанаваўшы заключыць Мемарандум аб супрацоўніцтве паміж архіўнымі службамі Беларусі і Амана.

Таксама В.І. Кураш падрабязна праінфармаваў Х. аль-Давайяні аб дзейнасці Еўраазіяцкага рэгіянальнага аддзялення Міжнароднага савета архіваў (ЕУРАЗІКА) і прапанаваў аманскім калегам разгледзець пытанне аб удзеле ў яго працы ў якасці паўнамоцнага члена або назіральніка.

12 снежня 2018 г. беларуская дэлегацыя наведала Парламент Султаната Аман, дзе адбылася сустрэча дырэктара Дэпартамента В.І.Кураша з намеснікам Старшыні Парламента Махамедам Абубакарам Салім аль-Гассані.

У ходзе візіту беларускай дэлегацыі ў Султанат Аман былі дасягнуты дамоўленасці аб арганізацыі двухбаковага супрацоўніцтва архіўных службаў Беларусі і Амана па розных напрамках дзейнасці ў сферы архіўнай справы і справаводства, якія могуць быць рэалізаваны ў 2019 – 2020 і наступных гадах.

уверх