Аб правядзенні рабочай сустрэчы паміж прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай палаты судовых выканаўцаў Французскай Рэспублікі

У рамках рэалізацыі Мемарандума аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай палатай судовых выканаўцаў Французскай Рэспублікі, падпісанага 23 лістапада 2017 г. у г. Парыжы (Французская Рэспубліка), у перыяд з 12 па 15 сакавіка 2018 г. у г. Мінску адбылася рабочая сустрэча паміж прадстаўнікамі Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай палаты судовых выканаўцаў Французскай Рэспублікі.

Ад Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь у названых мерапрыемствах прынялі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання - Галоўны судовы выканаўца Рэспублікі Беларусь Каваленка Д.У., іншыя работнікі галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання. Нацыянальную палату судовых выканаўцаў Французскай Рэспублікі прадставіла дэлегацыя на чале з Віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнай палаты судовых выканаўцаў Патрыкам Сафарам з удзелам судовых выканаўцаў, міжнародных экспертаў у сферы прымусовага выканання.

У ходзе правядзення рабочай сустрэчы былі заслуханы даклады абодвух бакоў, удзельнікі абмяняліся вопытам і інфармацыяй.

Французскія калегі прадставілі агляд арганізацыі працы судовых выканаўцаў у Францыі, у тым ліку ў частцы выканання функцый медыятара ў выканаўчай справе і выкарыстання праграмных сродкаў у гэтым напрамку.

Дэталёва была абмеркавана працэдура рэалізацыі арыштаванай маёмасці даўжнікоў, у тым ліку з дапамогай электронных таргоў. Значную цікавасць выклікала сістэма падбору кадраў судовых выканаўцаў Францыі, іх стажыроўка, здача экзамена і усталяваны абавязак на пастаяннай аснове павышаць сваю кваліфікацыю.

У сваю чаргу супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання азнаёмілі французскіх калег з арганізацыяй работы органаў прымусовага выканання ў Рэспубліцы Беларусь, паўнамоцтвамі судовага выканаўцы.

Найбольшую цікавасць у прадстаўнікоў Нацыянальнай палаты судовых выканаўцаў Французскай Рэспублікі выклікалі устаноўленая заканадаўствам кампетэнцыя судовага выканаўцы, парадак звяртання спагнання на грашовыя сродкі, якія знаходзяцца на банкаўскіх рахунках даўжніка, магчымасць судовага выканаўцы выкарыстоўваць інфармацыйныя базы дадзеных дзяржаўных органаў і іншых арганізацый, працэдура электронных таргоў у выканаўчай справе, магчымасць абмежавання даўжнiка ў спецыяльных правах (часовае абмежаванне права даўжніка на выезд з Рэспублікі Беларусь, на кіраванне механічнымі транспартнымі сродкамі, забарона карыстання мабільнай сувяззю і сеткай Інтэрнэт).

У рамках рабочай сустрэчы прадстаўнікі Нацыянальнай палаты судовых выканаўцаў Французскай Рэспублікі наведалі ўпраўленне прымусовага выканання галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама, дзе азнаёміліся з арганізацыяй працоўнага месца судовага выканаўцы, магчымасцю доступу да баз дадзеных, а таксама з выкарыстаннем у дзейнасці сродкаў відэаканферэнцсувязі.

Па выніках праведзенага мерапрыемства з абодвух бакоў была адзначана высокая эфектыўнасць правядзення такіх сустрэч і нацэленасць на далейшае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва ў мэтах удасканалення дзейнасці органаў прымусовага выканання абедзвюх краін.

уверх