Адбылася канферэнцыя на тэму «Практыка прымянення Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей»

17 мая 2019 года ў г. Мінску адбылася канферэнцыя на тэму «Практыка прымянення Канвенцыі аб грамадзянскіх аспектах міжнароднага выкрадання дзяцей». Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства юстыцыі і Прадстаўніцтва Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь.

У канферэнцыі прынялі ўдзел прызнаныя міжнародныя эксперты ў галіне міжнароднага сямейнага права – Першы сакратар Пастаяннага бюро Гаагскай канферэнцыі па міжнародным прыватным праве Ж.Го Эскалар, прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Дзяржавы Ізраіль Л.Каўфман, а таксама суддзі судоў агульнай юрысдыкцыі, прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, адвакаты.

У ходзе канферэнцыі ўдзельнікі абмеркавалі асноўныя мэты і механізмы Канвенцыі, функцыі кампетэнтных дзяржаўных органаў у працэсе яе прымянення, працэдуру разгляду заяваў аб вяртанні дзяцей і парадак выканання судовых рашэнняў па справах аб вяртанні дзяцей на падставе Канвенцыі. Эксперты азнаёмілі ўдзельнікаў з перадавымі практыкамі імплементацыі і прымянення Канвенцыі. Акрамя таго, у рамках канферэнцыі былі прадстаўлены планы па ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства, накіраваныя на павышэнне эфектыўнасці прымянення Канвенцыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Выступаючы з прывітальным словам, Міністр юстыцыі А.Л.Сліжэўскі адзначыў, што вопыт прымянення Канвенцыі паказаў яе эфектыўнасць як інструмента, які ўстанаўлівае парадак дзеянняў кампетэнтных органаў дзяржаў-удзельніц у мэтах абароны правоў дзяцей, якія неправамерна перамешчаны або ўтрымліваюцца, шляхам забеспячэння іх бяспечнага вяртання ў дзяржаву пастаяннага пражывання.

Перад канферэнцыяй Міністр юстыцыі А.Л.Сліжэўскі і Прадстаўнік Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь Р.М.Сарвар падпісалі план супрацоўніцтва на 2019 год паміж Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Дзіцячым Фондам ААН (ЮНІСЕФ).
уверх