Міністэрства юстыцыі далучылася да рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»

Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Сліжэўскі ў рамках дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» наведаў падшэфную Бярозкаўскую школу-сад Докшыцкага раёна і прыняў удзел у пераднавагоднім свяце. Для ўсіх навучэнцаў і выхаванцаў невялікай сельскай школы-сада Міністэрства юстыцыі падрыхтавала салодкія падарункі.

Гэта ўжо стала добрай традыцыяй, – калектыў ведамства на працягу 14 гадоў падтрымлівае падшэфную ўстанову адукацыі. Дарэчы, у 2020 годзе Бярозкаўская школа-сад адзначыла свой стогадовы юбілей.

Падрыхтаванае дзецьмі і педагогамі школы казачнае навагодняе прадстаўленне пагрузіла ўсіх удзельнікаў мерапрыемства ў атмасферу дзяцінства, радасці і чараўніцтва.

Віншуючы дзяцей і педагогаў з святамі, Алег Леанідавіч прызнаўся, што заўсёды з нецярпеннем чакае паездкі:

– Міністэрства юстыцыі даўно сябруе з гэтай сельскай школай. Скажу шчыра, сёння, з улікам пандэміі, стаяла пытанне аб тым, каб проста перадаць у Бярозкі прэзенты. Але ведаючы, якое душэўнае, поўнае цяпла навагодняе свята тут заўсёды рыхтуюць, мы ўсё ж вырашылі пабываць на прадстаўленні. Адыходзячы год быў для ўсіх няпростым, таму сёння хочацца пажадаць галоўнага: каб надыходзячы 2021-ы стаў для нас годам надзей, здароўя, дабрабыту, згоды і міру.

уверх