Адбылася прэс-канферэнцыя «Аб рабоце і рэалізуемых праектах па прававой асвеце насельніцтва»
28 красавіка ў прэс-цэнтры РУП «Дом прэсы» адбылася прэс-канферэнцыя «Аб рабоце і рэалізуемых праектах па прававой асвеце насельніцтва», у якой прынялі ўдзел намеснік Міністра юстыцыі Наталля Філіпава, намеснік старшыні Беларускай натарыяльнай палаты Таццяна Дзялендзік, а таксама намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віктар Шаршун.
У першую чаргу Наталля Мікалаеўна праінфармавала журналістаў аб тым, што прынята пастанова Урада «Аб прававой асвеце грамадзян у 2021 – 2025 гадах», якой зацверджаны адпаведны план мерапрыемстваў, які ўключае ў сябе 50 канкрэтных пунктаў. Міністэрства юстыцыі каардынуе дадзены накірунак, да работы актыўна ўключаны дзяржорганы, грамадскія аб'яднанні і ўстановы.
У сваім выступе намеснік Міністра юстыцыі звярнулася да журналістаў і не толькі падзякавала іх за сумесную працу, але і прапанавала рэалізоўваць сумесныя праекты ў рэгіянальных і рэспубліканскіх СМІ: «Менавіта вы, журналісты, дапамагаеце нам, юрыстам, адаптаваць часам складаную для ўспрымання прававую інфармацыю і праз прызму жыццёвых гісторый, сюжэтаў данесці да грамадзян зразумела і проста навацыі заканадаўства, алгарытм дзеянняў у той ці іншай сітуацыі. Мы гатовыя і хочам развіваць плённае супрацоўніцтва са СМІ. У тэле- і радыёэфірах, на старонках газет і часопісаў павінны з'яўляцца новыя тэматычныя прававыя перадачы, рубрыкі і калонкі».
Міністэрствам юстыцыі ажыццяўляецца мэтанакіраваная работа па павышэнні прававой культуры і прававой пісьменнасці насельніцтва: праводзяцца сустрэчы ў працоўных і навучальных калектывах, экспертамі даюцца каментарыі на прававую тэматыку ў СМІ, вядзецца актыўная праца ў сацыяльных сетках, праводзяцца акцыі па бясплатным прававым кансультаванні, конкурсы «Права на дзяцінства», інфармацыйных матэрыялаў на прававую тэматыку на прыз імя У.Д.Спасовіча, рэалізуецца праект «Права на службу людзям».
Актыўную працу па прававой асвеце праводзіць Беларуская натарыяльная палата, Беларуская рэспубліканская калегія адвакатаў і Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі.
Намеснік старшыні Беларускай натарыяльнай палаты Таццяна Дзялендзік распавяла ўдзельнікам прэс-канферэнцыі аб тым, што больш за 30 тысяч бясплатных кансультацый праведзена натарыусамі ў 2020 годзе, а таксама было ўведзена кансультаванне ў фармаце анлайн з прымяненнем сродкаў відэасувязі.
Таццяна Васільеўна адзначыла, што ў мэтах забеспячэння даступнасці натарыяльнага абслугоўвання сельскага насельніцтва натарыят актывізаваў працу, звязаную з выездамі ў аграгарадкі і іншыя населеныя пункты, у якіх адсутнічаюць натарыяльныя канторы і натарыяльныя бюро. Толькі за першы квартал 2021 года натарыусы выязджалі 786 разоў і здзейснілі 1 171 натарыяльнае дзеянне.
Намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі Віктар Шаршун у сваім выступе спыніўся на праектах, якія рэалізуюцца НЦПІ, і развіцці інфармацыйна-прававых рэсурсаў цэнтра.
Віктар Аляксандравіч таксама распавёў журналістам пра тое, што НЦПІ забяспечвае метадычнае суправаджэнне дзейнасці 121 цэнтра эталоннай прававой інфармацыі і 625 публічных цэнтраў прававой інфармацыі.
У брыфінгу журналісты цікавіліся новымі праектамі і формамі прававой асветы, асобна спыніліся на тым, як да грамадзян даводзяцца навацыі заканадаўства, у тым ліку адміністрацыйнага і крымінальнага кодэксаў.
