За парушэнне заканадаўства спецыяліст па рыэлтарскай дзейнасці пазбаўлены права аказваць рыэлтарскія паслугі

24 лістапада б.г. прынята рашэнне аб прыпыненні дзеяння ідэнтыфікацыйнай пластыкавай карткі агента па аперацыях з нерухомай маёмасцю ЗАТ «Альфа-Актыў» Краўчука М.Ю. у сувязі з парушэннем ім заканадаўства і патрабаванняў да ажыццяўлення рыэлтарскай дзейнасці на 2 гады: з 25 лістапада 2021 г. па 24 лістапада 2023 г. Да аднаўлення дзеяння карткі названы спецыяліст аказваць рыэлтарскія паслугі не мае права.

Падставай да разгляду матэрыялаў у дачыненні Краўчука М.Ю. з'явілася скарга гр-кі С. на неправамерныя дзеянні названага агента, які аказваў рыэлтарскія паслугі прадаўцу долі ў праве агульнай уласнасці на кватэру. На аказанне яму паслуг прадавец заключыў з ЗАТ «Альфа-Актыў» адпаведны дагавор.

С. з'яўлялася адным з суўласнікаў жылога памяшкання, якой Краўчук М.Ю. паведаміў аб продажы долі, наяўнасці патэнцыяльнага пакупніка, які не з'яўляецца ўдзельнікам долевай уласнасці, а таксама магчымасці набыць долю непасрэдна С.

Пры гэтым агент неаднаразова паведамляў С., што ў выпадку прыняцця ёю рашэння аб набыцці долі яна (С.) павінна будзе аплаціць паслугі ЗАТ «Альфа-Актыў» у памеры 870 рублёў, бо рыэлтарская арганізацыя «не працуе бясплатна і не займаецца дабрачыннасцю».

Доказы С. аб тым, што паслугі рыэлтарскай арганізацыі ў дадзенай сітуацыі павінен аплачваць іх заказчык – прадавец, які заключыў з ЗАТ «Альфа-Актыў» адпаведны дагавор, Краўчук Н.Ю. ва ўвагу не прымаў.

Немалаважна, што ў абгрунтаванне сваіх неправамерных растлумачэнняў аб спагнанні платы як з прадаўца, які заключыў дагавор на аказанне яму паслуг, так і з пакупніка, які заказчыкам паслуг не з'яўляўся і ў дагаворныя адносіны з рыэлтарскай арганізацыяй не ўступаў, Краўчук Н.Ю. ссылаўся на быццам данае Міністэрствам юстыцыі ўказанне.

У той жа час Міністэрства юстыцыі неаднаразова папярэджвала: пакупнік, які набывае аб'ект нерухомай маёмасці, прапануемы агенцтвам да продажу на падставе дагавора з прадаўцом, не абавязаны таксама заключаць дагавор з гэтым агенцтвам і аплачваць яго паслугі.

 

Адносна доказаў Краўчука Н.Ю. аб тым, што паслугі рыэлтарскай арганізацыі носяць платны характар, варта адзначыць, што ў вышэйназванай сітуацыі рыэлтарская арганізацыя не працавала бясплатна.

Паслугі па садзейнічанні ў продажы долі рыэлтарскай арганізацыі былі заказаны прадаўцом, менавіта ён іх і аплачваў (памер узнагароджання склаў 3% ад кошту аб'екта нерухомай маёмасці).

Болей таго, у мэтах належнага выканання прынятых на сябе перад прадаўцом абавязкаў па продажы долі ў праве агульнай уласнасці на кватэру рыэлтарская арганізацыя абавязана была прапанаваць дадзеную долю астатнім удзельнікам долевай уласнасці. Пры гэтым рашэнне суўласнікаў у дачыненні гэтай долі (набыццё або адмова ад пакупкі) не павінна было ставіцца ў залежнасць ад аплаты імі паслуг рыэлтарскай арганізацыі.

Аднак у дадзенай сітуацыі агент дзейнічаў па сваіх правілах, спрабуючы атрымаць двайное ўзнагароджанне за аказанне паслуг па садзейнічанні пры заключэнні дагавора куплі-продажу аднаго і таго ж аб'екта (і з прадаўца, і з пакупніка).

Міністэрства юстыцыі звяртае ўвагу на недапушчальнасць такой практыкі ў рабоце рыэлтарскіх арганізацый. Таксама паўторна нагадвае: пакупнік, які зацікавіўся аб'ектам нерухомай маёмасці, прапануемым рыэлтарскай арганізацыяй да продажу ў рамках дагаворных адносін з прадаўцом, не абавязаны ўступаць у дагаворныя дачыненні з гэтай рыэлтарскай арганізацыяй у мэтах набыцця аб'екта і, адпаведна, аплачваць яе паслугі.

Пры наяўнасці дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг, заключанага з прадаўцом аб'екта нерухомай маёмасці, рыэлтарская арганізацыя перш-наперш абавязваецца аказаць прадугледжаныя прадметам дагавора паслугі свайму кліенту: арганізаваць пошук патэнцыяльнага пакупніка, правесці перагаворы паміж прадаўцом і падабраным пакупніком аб умовах здзелкі, аказаць дапамогу ў падрыхтоўцы (афармленні) дакументаў, звязаных з ажыццяўленнем здзелкі з аб'ектам нерухомай маёмасці і г.д.

Усе гэтыя паслугі заказаў і, адпаведна, аплачвае прадавец. Таму перашкоджванне работнікамі рыэлтарскай арганізацыі ў продажы аб'екта нерухомай маёмасці каму-небудзь з патэнцыяльных пакупнікоў, у якіх дагавор з рыэлтарскай арганізацыяй адсутнічае, прымус да заключэння дагавора на аказанне рыэлтарскіх паслуг з'яўляецца неправамерным.

уверх