Падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу творчых работ «Права на дзяцінства»

У Міністэрстве юстыцыі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу творчых работ «Права на дзяцінства», у якім прынялі ўдзел больш за тры тысячы дзяцей.

Конкурс праводзіўся па трох намінацыях: «Малюнак», «Анімацыя», «Відэаролік». На рэгіянальныя этапы конкурсу, якія праводзіліся галоўнымі ўпраўленнямі юстыцыі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, было даслана больш за 2,8 тысяч дзіцячых малюнкаў і больш за трыста відэаролікаў і анімацый з усіх куткоў Беларусі. Фіналістаў конкурсу выбірала рэгіянальнае журы, а ў рамках рэспубліканскага этапа конкурсная камісія, створаная ў Міністэрстве юстыцыі пад старшынствам першага намесніка Міністра юстыцыі Сяргея Уладзіміравіча Задзірана, вызначыла абсалютных пераможцаў, а таксама выбрала работы для Інтэрнэт-галасавання. У гэтым годзе конкурс праводзіцца ў партнёрстве з грамадскім аб'яднаннем «Беларускі саюз жанчын», у пасяджэнні конкурснай камісіі прымала ўдзел Старшыня грамадскага аб'яднання «Беларуская асацыяцыя шматдзетных бацькоў» Краўчанка Таццяна Аляксандраўна.

Старт галасавання ў сацыяльных сетках Міністэрства юстыцыі – 26 мая. Да 00 гадз. 00 хвіл. 28 мая 2021 года ўсе жадаючыя змогуць падтрымаць лепшыя малюнкі, відэаролікі і анімацыі сваімі галасамі на старонках Міністэрства юстыцыі ў «Вконтакте» і «Instagram».

Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў адбудзецца ў Дзень абароны дзяцей – 1 чэрвеня 2021 года.

уверх