На пытанні работнікаў МТЗ адказалі члены групы па прававой асвеце Мінгарвыканкама

Члены групы па прававой асвеце Мінгарвыканкама сустрэліся з работнікамі ліцейнага цэха № 2 Мінскага трактарнага завода.

– Сёння тут прысутнічаюць прадстаўнікі міліцыі, натарыяту, адвакатуры, галоўны прававы інспектар працы гарадскога аб'яднання прафсаюзаў, – прадставіў намеснік старшыні групы – першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення юстыцыі Мінгарвыканкама Мікалай Белавусаў. – Гэта наша восьмая сустрэча з працоўнымі калектывамі буйных прадпрыемстваў сталіцы. Мы пазнаёмім вас з прававой інфармацыяй, а падчас сустрэчы і пасля яе ўсе жадаючыя змогуць задаць пытанні спецыялістам.

Пра змяненні ў заканадаўстве, якія датычацца парадку арганізацыі і правядзення масавых акцый, прысутным расказаў намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Шумілін. Ён зазначыў, што ў некаторых выпадках (пры неаднаразовых парушэннях заканадаўства) можа наступаць ужо не адміністрацыйная, а крымінальная адказнасць. Акрамя гэтага, Д. Шумілін папрасіў уважліва сачыць за паведамленнямі, якія прыходзяць у сацсетках і праз месэнджары, паколькі за распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, на чалавека можа быць накладзены штраф.

Галоўны прававы інспектар працы Мінскага гарадскога аб'яднання арганізацый прафсаюзаў Таццяна Расенік расказала аб відах спагнанняў за дысцыплінарныя правіннасці, тэрмінах абскарджання прававых спрэчак у судзе і тэрмінах выплаты адпускных у выпадку, калі работнік ідзе ў водпуск не па графіку.

Пасля заканчэння выступленняў членаў групы быў арганізаваны прыём грамадзян, якія жадаюць асабіста паразмаўляць са спецыялістамі. Сярод зададзеных пытанняў былі звязаныя з раздзелам маёмасці, спагнаннем аліментаў, пераразлікам пенсій.

Крыніца: агенцтва «Мінск-Навіны»

уверх