Міністэрства юстыцыі далучылася да рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага»

У рамках святкавання Дня Вялікай Перамогі калектыў Міністэрства юстыцыі, прадстаўлены першаснымі арганізацыямі, а менавіта: прафсаюзнай, Саюза жанчын і Саюза юрыстаў, адправіўся па «Маршруту Памяці» па ваенна-гістарычных мясцінах, па месцах гераічных бітваў і чалавечых трагедый.

Работнікі ведамства разам з членамі сем'яў наведалі Мемарыяльны комплекс «Хатынь», Курган Славы і гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна».

Дырэктар дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу «Хатынь» Артур Зельскі асабіста правёў экскурсію для супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі і расказаў не толькі аб страшнай трагедыі вёскі Хатынь, але і пра іншыя гарады і пасёлкі нашай краіны, што падзялілі лёс Хатыні за гады Вялікай Айчыннай вайны.

«Хатынь – рубец на сэрцы беларусаў. Сёння мы тут, каб ушанаваць памяць аб загінуўшых, каб памятаць і не забываць пра страшныя падзеі вайны і яшчэ больш шанаваць мірнае неба над галавой», – сказаў першы намеснік Міністра юстыцыі Сяргей Задзіран падчас мітынгу і ўскладання кветак каля Вечнага агню.

Наступнай кропкай маршруту стаў Курган Славы. Гэты вядомы мемарыяльны комплекс знаёмы кожнаму беларусу, Зямля для яго была прывезена з гарадоў-герояў Санкт-Пецярбурга, Масквы, Валгаграда, Адэсы, Севастопаля, Кіева, а таксама Брэсцкай крэпасці-героя. Намеснік Міністра юстыцыі Наталля Філіпава падчас ўскладання кветак каля падножжа комплексу адзначыла: «Пакуль людзі будуць працягваць ісці да «Кургана Славы», памяць аб Вялікай Перамозе будзе жыць у сэрцах пакаленняў. Узыходжанне на «Курган Славы» – гэта не проста пераадоленне перашкод. Прайсці гэты шлях – значыць ушанаваць памяць ўсяго савецкага народа».

Трэццяйн кропкай на карце ў рамках «Маршруту Памяці» стаў унікальны ваенна-гістарычны музейны комплекс «Лінія Сталіна», дзе напярэдадні Дня Перамогі праходзілі рэканструкцыя бою Вялікай Айчыннай вайны «Берлінская аперацыя» і паказальныя выступленні спецыялістаў-кінолагаў.

З масай уражанняў і бязмежнай удзячнасцю ветэранам за абарону роднай зямлі, роднага дома і народа, за Дзень Перамогі ўдзельнікі мерапрыемства вярнуліся ў Горад-герой Мінск.

уверх