Міністр юстыцыі павіншаваў ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з Днём Перамогі

Сёння Міністр юстыцыі Алег Сліжэўскі разам з камандуючым войскамі Паўночна-заходняга аператыўнага камандавання, генерал-маёрам Аляксандрам Навуменка павіншавалі ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Чайкіна Мікалая Захаравіча з надыходзячым святам – Днём Вялікай Перамогі.

Кветкі, падарункі, ваенны аркестр, які грае песні Перамогі, і нават урачысты марш – усё гэта для ветэрана вайны падрыхтавалі ўдзельнікі мерапрыемства.

Мікалаю Захаравічу 95 гадоў, ён прайшоў усю вайну, вызваляў сталіцу нашай радзімы, а Дзень Перамогі сустрэў у Германіі. Мае шматлікія ўзнагароды, у тым ліку ордэн Айчыннай вайны II ступені, медалі «За ўзяцце Берліна», «За баявыя заслугі», сёння ён палкоўнік у адстаўцы. Выхаваў выдатных дзяцей, а яго сын, унук і праўнук сталі вайскоўцамі. Варта адзначыць, што, нягледзячы на свой салідны ўзрост, Мікалай Захаравіч па-ранейшаму жыццярадасны, выдатна памятае падзеі пражытых гадоў і актыўна ўдзельнічае ў гарадскіх патрыятычных мерапрыемствах, сустракаецца са школьнікамі, перадае падрастаючаму пакаленню жыццёвы вопыт і правівае пачуццё патрыятызму.

Для Міністэрства юстыцыі віншаванне ветэранаў са значнымі ў іх жыцці датамі – добрая традыцыя, аднак ўсё менш і менш застаецца з намі ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.

Звяртаючыся да Мікалая Захаравіча, Міністр юстыцыі адзначыў стойкасць і мужнасць нашых дарагіх ветэранаў, пажадаў бадзёрасці духу, моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

«У гэты памятны дзень хочацца яшчэ раз выказаць Вам сардэчную ўдзячнасць і нізкі паклон за тое, што Вы, не шкадуючы свайго жыцця і свайго здароўя, адстаялі нашу Радзіму. Заваяваная Вамі Перамога і сёння натхняе нас на новыя здзяйсненні, умацоўвае наш дух, дапамагае пераадольваць цяжкасці і ісці наперад», – сказаў Алег Сліжэўскі.

Мікалай Захаравіч падзякаваў усім за такую ўвагу і падтрымку і паабяцаў яшчэ доўга быць «у страі», а ў Дзень Перамогі ў горадзе Барысаве прыняць удзел у закладцы алеі Пераможцаў.

уверх