Адбылася прэзентацыя кнігі выдавецкага праекта «Спадчына права» – «В.Г. Ціхіня. Выбраныя працы»

Намеснік Міністра юстыцыі Наталля Філіпава прыняла ўдзел у прэзентацыі адзінаццатай кнігі праекта «Спадчына права» – зборніка прац прафесара, доктара юрыдычных навук, член-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужанага юрыста БССР Валерыя Гур’евіча Ціхіні. У зборнік ўвайшлі манаграфіі і навуковыя артыкулы аўтара, і прысвечаны яны канстытуцыйным каштоўнасцям Рэспублікі Беларусь, актуальным пытанням грамадзянскага судаводства, крыміналістыкі, міжнароднага публічнага і прыватнага права, а таксама працэсам фарміравання прававой дзяржавы ў сучасным грамадстве.

У прэзентацыі кнігі прыняў удзел сам аўтар зборніка, а таксама члены навуковага савета праекта «Спадчына права», вядомыя айчынныя навукоўцы і практыкі ў галіне права, прадстаўнікі дзяржаўных органаў.

Валерый Гур’евіч з'яўляецца часткай гісторыі Міністэрства юстыцыі, якое ён узначальваў у 1989-1990 гг. Яго імя ўнесена ў кнігу гонару Міністэрства юстыцыі, а яго прафесіяналізм, эрудыцыя і актыўная жыццёвая пазіцыя – годны прыклад для маладога пакалення. Выданне выбраных прац В.Г. Ціхіні, роўна як і шматгадовыя працы іншых знакамітых вучоных-правазнаўцаў, якія выпускаюцца ў рамках праекта «Спадчына права», спрыяюць папулярызацыі іх работ і, што немалаважна, вырашэнню бягучых актуальных задач удасканалення заканадаўства.

Даведачна:

Асветніцкі праект «Спадчына права» стартаваў у 2011 годзе. У цяперашні час яго арганізатарамі з'яўляюцца Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны цэнтр прававой інфармацыі Рэспублікі Беларусь, ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз юрыстаў», ДУ «Нацыянальная бібліятэка Беларусі» і ТАА «ЮрСпектр».

Галоўнай яго каштоўнасцю з'яўляецца выданне кніжнай серыі, якая змяшчае фундаментальныя працы буйнейшых вучоных і юрыстаў-практыкаў. Праект папулярны і выклікае вялікую цікавасць у навуковай супольнасці і ў юрыстаў-практыкаў.

уверх