Міністр юстыцыі Сяргей Хаменка прадставіў змяненні ў Закон аб дзяржаўных узнагародах

14 снежня Міністрам юстыцыі Сяргеем Хаменка на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання быў прадстаўлены праект Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб узнагародах Рэспублікі Беларусь», які быў прыняты дэпутатамі ў двух чытаннях.

У сваім выступленні кіраўнік міністэрства адзначыў, што падставай для распрацоўкі праекта Закона з'явілася выданне Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 снежня 2020 г. № 5 «Аб узнагароджанні дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь».

Прадстаўлены для разгляду законапраект вызначае працэдуру ўзнагароджання арганізацый, а таксама воінскіх часцей (падраздзяленняў), злучэнняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў і іх калектываў дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь, якія адпавядаюць іх асаблівым дасягненням і заслугам.

Таксама праектам устанаўліваецца парадак прадстаўлення да ўзнагароджання, афармлення адпаведных дакументаў, уручэння дзяржаўных узнагарод, іх нашэння і пазбаўлення. Рэгламентуюцца правы і абавязкі арганізацый, воінскіх часцей (падраздзяленняў), злучэнняў Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў, іх калектываў, узнагароджаных дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь.

У прыватнасці, законапраектам прадугледжваецца права гэтых суб'ектаў выкарыстоўваць назвы ордэнаў Рэспублікі Беларусь, якімі яны былі ўзнагароджаны, у сваіх найменнях, а таксама размяшчаць іх назвы і выявы на афіцыйных геральдычных сімвалах, афіцыйных інтэрнет-сайтах, бланках дакументаў, на друкаваных выданнях сродкаў масавай інфармацыі.

Сяргей Хаменка падкрэсліў, што прымяненне гэтых падыходаў у беларускім заканадаўстве будзе садзейнічаць умацаванню прэстыжу і аўтарытэту ўдастоеных дзяржаўнымі ўзнагародамі суб'ектаў, а таксама афіцыйнаму прызнанню іх заслуг перад грамадствам і дзяржавай.

У ходзе распрацоўкі законапраекта былі ўнесены прапановы рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, якія прадугледжваюць дапаўненне ўзнагароднай сістэмы новымі дзяржаўнымі ўзнагародамі Рэспублікі Беларусь: ордэнам «За воінскую доблесць» і медалём «За баявыя заслугі».

Гэта дазволіць вылучыць ваеннаслужачых і прыраўнаваных да іх асоб, якія ўчынілі подзвігі, праявілі мужнасць і гераізм пры выкананні баявых (спецыяльных) задач у асаблівых умовах.

Законапраектам прадугледжана таксама магчымасць узнагароджання ордэнам «За асабістую мужнасць» і медалём «За адвагу» грамадзянскіх асоб за самаадданасць, праяўленую пры абароне суверэнітэту, незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь.

Рэалізацыя гэтых ініцыятыў будзе садзейнічаць выхаванню пачуцця патрыятызму ў грамадзян Рэспублікі Беларусь, у першую чаргу, у маладога пакалення.

У сваім выступленні перад дэпутатамі Міністр юстыцыі таксама расказаў аб новаўвядзеннях пры ўзнагароджанні ордэнам Маці.

У прыватнасці, устанаўліваецца патрабаванне аб неабходнасці пражывання дзяцей, за якіх жанчына прадстаўляецца да ўзнагароджання, на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не менш як 5 гадоў у выпадку, калі грамадзянства гэтых дзяцей з'яўляецца набытым.

У законапраекце замацавана норма аб недапушчальнасці прадстаўлення да ўзнагароджання ордэнам Маці шматдзетных жанчын, якія раней атрымалі аналагічную ўзнагароду ў іншых дзяржавах за нараджэнне гэтых дзяцей.

У цэлым законапраектам прадугледжваецца пашырэнне суб'ектнага складу асоб, якія ўзнагароджваюцца дзяржаўнымі ўзнагародамі, і дапаўненне ўзнагароднай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Прапанаваныя навелы акажуць станоўчае ўздзеянне на развіццё грамадства ў кантэксце заахвочвання як фізічных, так і юрыдычных асоб.

 

Фота з сайта Белта

уверх