Лаўрэатамі вышэйшай юрыдычнай прэміі «Феміда» сталі прадстаўнікі сферы юстыцыі

Напярэдадні Дня юрыста адбылося ўручэнне вышэйшай юрыдычнай прэміі «Феміда», якая мае рэпутацыю самай прэстыжнай у галіне права і штогод, пачынаючы з 2006 года, прысуджаецца юрыстам, дзяржаўным і грамадскім дзеячам. Галоўная мэта прэміі – павышэнне прэстыжу юрыдычнай прафесіі, садзейнічанне фарміраванню прававой дзяржавы і ўмацаванне сувязей паміж юрыдычнай навукай, адукацыяй і практыкай.

Лаўрэаты прэміі «Феміда» вызначаны ў 11 намінацыях, прыемна адзначыць, што ў іх ліку і прадстаўнікі сферы юстыцыі.

У намінацыі «Выканаўчая вытворчасць» прэмію атрымаў Дзмітрый Уладзіміравіч Каваленка, начальнік галоўнага ўпраўлення прымусовага выканання – Галоўны судовы выканаўца Рэспублікі Беларусь Міністэрства юстыцыі, а ў намінацыі «Дзяржаўная служба» лаўрэатам стаў Сяргей Аляксеевіч Каліноўскі, начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама.

Акрамя таго прэмія прысуджана ў сферах натарыяльнай і адвакацкай дзейнасці.

У намінацыі «Натарыят» лаўрэатам прэміі «Феміда» стала Таццяна Васільеўна Дзялендзік, намеснік старшыні Беларускай натарыяльнай палаты, натарыус Брэсцкай натарыяльнай акругі, натарыяльнай канторы № 2 г. Баранавічы, у намінацыі «Адвакатура» – Жанна Мікалаеўна Курысюк, адвакат Брэсцкай абласной калегіі адвакатаў, загадчык юрыдычнай кансультацыі Камянецкага раёна, у намінацыі «Уклад ў дзейнасць Саюза юрыстаў» ўзнагароджана Аксана Віктараўна Чэбушава, кіруючы партнёр адвакацкага бюро «Чэбушава, Фокіна і партнёры», старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза юрыстаў.

Віншуем пераможцаў і жадаем далейшых прафесійных дасягненняў і поспехаў!

уверх