Роля і значэнне абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў у забеспячэнні вяршэнства права

Якасць і эфектыўнасць законаў залежаць не толькі ад выканання ўстаноўленага парадку іх распрацоўкі і прыняцця, але і ад іх рэалізацыі шляхам прыняцця падзаконных актаў, у прыватнасці, нарматыўных прававых актаў галіновых і мясцовых органаў улады, так званых ведамасных нарматыўных прававых актаў.

Прывядзенне сукупнасці гэтых актаў у арганізаваную сістэму ўяўляе сабой важную задачу дзяржаўнага будаўніцтва ўвогуле і праватворчага працэсу ў прыватнасці.

Выкананне патрабавання аб вяршэнстве Канстытуцыі ў іерархіі прававых актаў з'яўляецца абавязковай умовай фарміравання аптымальнай нацыянальнай прававой сістэмы.

У сувязі з гэтым у мэтах рэалізацыі канстытуцыйнага прынцыпу аховы правоў, свабод і законных інтарэсаў, а таксама забеспячэння адзінства прававой прасторы на Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і яго органы на месцах ускладзена задача па правядзенні абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў Нацыянальнага банка, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, міністэрстваў, іншых рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, абласных, Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама, мясцовых Саветаў дэпутатаў, выканаўчых і распарадчых органаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню.

Існаванне інстытута абавязковай юрыдычнай экспертызы ведамасных нарматыўных прававых актаў з'яўляецца незаменным інструментам канстытуцыйнага кантролю. Мэтай правядзення абавязковай юрыдычнай экспертызы з'яўляецца прадухіленне магчымасці надання юрыдычнай сілы нарматыўным прававым актам, якія сваім прававым зместам парушаюць правы і свабоды грамадзян і арганізацый.

Пры правядзенні абавязковай юрыдычнай экспертызы ў першую чаргу ацэньваюцца:

  • адлюстраванне ў ведамасным нарматыўным прававым акце канстытуцыйных прынцыпаў;

  • наяўнасць сувязі зместу ведамаснага акта і норм Канстытуцыі;

  • адпаведнасць ведамаснага акта палажэнням заканадаўства большай юрыдычнай сілы.

У выпадку неадпаведнасці ведамаснага нарматыўнага прававога акта ўстаноўленым у заканадаўстве крытэрыям па выніках абавязковай юрыдычнай экспертызы Міністэрствам юстыцыі, галоўнымі ўпраўленнямі юстыцыі абласных выканаўчых камітэтаў выносіцца заключэнне, якое змяшчае абгрунтаваны вывад аб недапушчальнасці яго ўключэння ў Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь. Такі акт не ўступае ў юрыдычную сілу і не можа прымяняцца.

уверх